“Юный спасатель” за 800 рублёў: хто прымушае школы падпісвацца на дзяржпрэсу

“Юный спасатель” за 800 рублёў: хто прымушае школы падпісвацца на дзяржпрэсу

Выпісаць па два экзэмпляры часопіса “Юный спасатель” на кожны клас ва ўсіх школах горада Паставы — адзін нумар для вучняў і адзін для класнага кіраўніка. Ліст з такім патрабаваннем нібыта быў дасланы ва ўсе школы Пастаў з аддзела адукацыі Пастаўскага райвыканкама, паведамляе eschool.by.

“На падставе ліста начальніка Пастаўскага РАНС (раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. — Еўрарадыё) аддзел па адукацыі Пастаўскага райвыканкама просіць вас аказаць садзейнічанне ў правядзенні падпісной кампаніі на часопіс “Юный спасатель” ва ўстановах адукацыі і ініцыяваць разгляд пытання аб неабходнасці падпіскі не менш як двух экзэмпляраў для кожнага класа на ліпень — снежань 2019 года”, — гаворыцца ў лісце.

Калі зыходзіць з таго, што кошт паўгадовай падпіскі на “Юный спасатель” складае 12 рублёў 72 капейкі, то атрымліваецца, што, напрыклад, вучні СШ № 1, ці, хутчэй, іх бацькі, мусяць пералічыць часопісу 814,08 рубля за падпіску. Вось так проста, у добраахвотна-прымусовым парадку.

Еўрарадыё разбіраецца, хто прымушае школы падпісвацца на “Юного спасателя” — МНС, аддзел адукацыі ці нехта іншы, —  і ці можна адмовіцца ад падпіскі на дзяржпрэсу.

Чыноўнікі рознага ўзроўню і Міністэрства адукацыі, і Мінінфармацыі неаднаразова заяўлялі, што прымусовай падпіскі ў нас няма. Чулі журналісты такога кшталту заявы і ад кіраўніка прэс-службы МНС Віталя Навіцкага, калі размова заходзіла менавіта пра падпіску на часопіс “Юный спасатель”. Але, можа, у Паставах пра гэта не ведалі?

Пастаўскі РАНС: ліст пра “Юного спасателя” пісалі, але не прымушалі

У Пастаўскім аддзеле па надзвычайных сітуацыях прызнаюць: ліст наконт “Юного спасателя” яны сапраўды ў аддзел адукацыі пісалі. Але без патрабавання афармляць падпіску ў школах пад прымусам.

“Ліст меў рэкламны характар: расказвалася пра часопіс — пра што там пішуць, што ён для дзяцей і гаварылася пра тое, якая інфармацыя ў гэтым часопісе ёсць. У такім плане быў ліст. А не тое, што гэта быў нейкі ліст-патрабаванне — не! Там быў проста ліст кіраўніку (аддзела адукацыі райвыканкама. — Еўрарадыё) пра тое, што, вось, ёсць такі часопіс, у якім расказваецца пра тое і тое. Які можна выкарыстоўваць для працы з дзецьмі — у такім плане”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Пастаўскім РАНС.

І ўсё! А што там далей было, якія лісты атрымалі школы з аддзела адукацыі, “гэта не да мяне пытанні”, кажа суразмоўнік Еўрарадыё і дадае, што свайму дзіцяці ён добраахвотна выпісаў гэты часопіс на хатні адрас.

Пастаўскага выратавальніка падтрымлівае кіраўнік прэс-службы МНС Віталь Навіцкі: “Інфармацыйны ліст, канешне. За любы прымус інспектар МНС будзе адразу ж звольнены”, — піша ён у каментарыях.

“Розныя кіраўнікі наўпрост паміж сабой дагаворваюцца”

Атрымліваецца, прымус — гэта ініцыятыва раённага аддзела адукацыі?

“Мне нічога пра гэты ліст не вядома, — кажа намесніца начальніка аддзела адукацыі Пастаўскага райвыканкама Таццяна Русалоўская. — Розныя там кіраўнікі са сваімі пытаннямі ідуць наўпрост да начальніка аддзела. Таму пытацца трэба ў яго — мы нічога не ведаем”.

Дазваніцца да Аляксандра Кашырына цягам дня ў нас так і не атрымалася. Хаця вельмі хацелася б даведацца, як “інфармацыйны ліст” ад начальніка Пастаўскага РАНС ператварыўся ў ліст-патрабаванне “аб неабходнасці падпіскі” і ці могуць вучні з настаўнікамі адмовіцца ад падпіскі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі