"Ён нават не сышоў бы кроўю": Мінабароны аб салдаце, што парэзаў вены

Reuters
Reuters

У адной з частак Гродзенскага гарнізона салдат тэрміновай службы разрэзаў сабе вены. Гэта адбылося 23 ліпеня. Кроў заўважылі таварышы па службе, хлопца выратавалі. Па словах прэс-сакратара Міністэрства абароны Уладзіміра Макарава, салдат дэманстратыўна нанёс сабе калецтва, каб не служыць:

"Гэта не замах на суіцыд. Магу сказаць, што, як і папярэдні выпадак, — гэта дэманстратыўна-ўстановачныя дзеянні, якія змяшчаюць прыкметы ўхілення ад вайсковай службы шляхам членашкодніцтва. Праводзіцца праверка, прычыны выяўляюцца. Чалавек ведаў пра бяспеку сваіх дзеянняў. Гэта было абсалютна бяспечна для жыцця, на вачах у людзей. І ён нават не сышоў бы кроўю".

Па версіі Мінабароны, выпадак у Гродзенскім гарнізоне — другі за 10 дзён, калі салдаты наўмысна наносяць сабе калецтвы. 15 ліпеня ў адной з вайсковых часцей Слонімскага гарнізона салдат тэрміновай службы таксама парэзаў сябе. Тады ў Мінабароны таксама заявілі, што гэта была не спроба суіцыду.

Па законе спроба ўхілення ад вайсковай службы праз наўмыснае прычыненне сабе цялеснага пашкоджання (членашкодніцтва) або сімуляцыю захворвання або адмова ад нясення абавязкаў воінскай службы можа карацца пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў.

Зараз у дачыненні да абодвух салдат праводзіцца праверка. Магчыма ўзбуджэнне крымінальнай справы ў сувязі з наўмысным прычыненнем сабе цялесных пашкоджанняў. Салдата з Гродзенскага гарнізона таксама правяраюць "па лініі медыцыны", дадаў Макараў:

"Праводзіцца праверка замаху на ўчыненне злачынства. І адначасова праверка па лініі медыцыны. Пры гэтым, на жаль, здзяйсняюць суіцыды ў масе сваёй здаровыя людзі".

Больш важных навінаў у праграме "Петарда" 25.07:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі