Яўген Лебедзеў застаецца на пасадзе галоўнага трэнера "Металурга"

Яўген Лебедзеў, галоўны трэнер хакейнага клуба "Металург" (Жлобін), насуперак учорашняй інфармацыі пра звальненне, застаецца на сваёй пасадзе. Пра гэта сёння заявіў дырэктар клуба Алег Багарад.
Паводле яго слоў, "ніякіх афіцыйных дакументаў аб адхіленні галоўнага трэнера ад працы аформлена не было". Кантракт з Лебедзевым дзейнічае да 30 чэрвеня 2010 года.

"Яму прапанавана працягваць выконваць свае абавязкі, не гледзячы на ўсю шуміху, якая ўзнялася ў СМІ", — заявіў Багарад.

Тым не менш, ён назваў прэтэнзіі, якія мае Назіральная рада клуба да галоўнага трэнера. Па-першае, пры Лебедзеве "Металург" стаў "лідэрам" па колькасці запрошаных легіянераў (галоўны трэнер захапіўся "славацка-латвійскім вектарам"), па-другое, прыцягваў у каманду гульцоў "ва ўзросце", а маладых з'яўлялася мала. Па фінансавых магчымасцях "Металург" пераўзыходзіў "Гомель", але ў гульнях плэй-оф апошнія аказаліся "на галаву" мацнейшыя за жлобінцаў.

Таксама Лебедзеву ставіцца ў віну, што ў паўфінальных матчах каманда прадэманстравала адсутнасць характара і волі да перамогі.

Нагадаем, пра звальненне Яўгена Лебедзева ўчора паведаміла БЕЛТА. Якраз напярэдадні Лебедзеў прывёў да перамогі на Другіх рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакею сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба зборную Гомельскай вобласці. У рашаючым матчы каманда, якой ён кіраваў, нечакана для многіх перамагла дружыну прэзідэнта Беларусі, за якую выступаў сам Аляксандр Лукашэнка — 9:8. Дагэтуль перамагчы прэзідэнцкую каманду не баялася хіба толькі зборная "Газпрама"...


Гл. таксама:

Рашэнне аб звальненні трэнера “Металурга” прынялі яшчэ тыдзень таму

Галоўнага трэнера "Металурга" пакаралі за перамогу над камандай Лукашэнкі?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі