Вы тут

Ярмошына прагназуе, што датэрмінова прагаласуе каля 30% выбарцаў

Фота: БЕЛТА

На датэрміновае галасаванне будзе вялікая яўка выбарцаў. Такі прагноз дала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1".

"Звычайна ў нас каля 30% выбарцаў прыходзяць галасаваць датэрмінова. Думаю, што нічога не зменіцца і на дадзены момант. Мы дзесьці на такую ​​лічбу і выйдзем. Можа, гэта будзе 25%. Можа, 32%. Цяжка сказаць", — цытуе БЕЛТА словы Ярмошынай.

Чыноўніца дадала, што многія выбаршчыкі прызвычаіліся ўжо галасаваць датэрмінова. Сама яна таксама будзе традыцыйна галасаваць датэрмінова, бо ў дзень галасавання мусіць знаходзіцца на працы.

Датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання пачалося сёння. 

Беларускія і міжнародныя назіральнікі неаднаразова адзначалі, што падчас датэрміновага галасавання адбываюцца фальсіфікацыі. Таксама вядома, што часта на датэрміновае галасаванне заганяюць студэнтаў і бюджэтнікаў.