Ярмошына: Арышт Кондруся за падзеі на Плошчы апраўданы

Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына лічыць апраўданым арышт Уладзіміра Кондруся, новага фігуранта па “справе Плошчы”. Ён быў затрыманы ў чэрвені гэтага года за ўдзел у акцыі пратэсту ў цэнтры Мінску пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

“Мне зусім нядаўна задалі пытанне з нагоды аднаго з тых, хто арыштаваны ў сувязі з падзеямі 2010 году. Яго выпадкова вызначылі. Пра гэта шмат шуміць Інтэрнэт і гэтак далей. І калі я кажу: “Скажыце, калі ласка, а на тэрыторыі Еўрасаюза асобаў, якія чыняць дзеянні, блізкія да тэрарызму, не прыцягваюць да адказнасці?” — мне адказваюць: “Ну, гэта ж не тэрарызм””, — распавяла Лідзія Ярмошына ў праграме “Простыя пытанні” тэлеканала СТБ.

“Так, Кондрусь не паспеў узяць мяне ў закладнікі. Вось ён проста разбіў шкло Дома ўраду і спрабаваў у яго ўварвацца. А вось у тым выпадку, калі б ён кагосьці захапіў, тады б разглядалі сітуацыю інакш”, — адзначыла старшыня ЦВК.

Жыхар гарадскога пасёлка Рудзенск Уладзімер Кондрусь быў затрыманы 14 чэрвеня 2016 году. Паводле пацверджанай Следчым камітэтам Беларусі інфармацыі, ён абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 КК (“масавыя беспарадкі”). Кондрусь знаходзіцца ў СІЗА №1 у Мінску і галадае ў знак пратэсту супраць свайго затрымання, перадае Interfax.by

Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.