Ярмошына: АБСЕ прызнае выбары ў Беларусі дэмакратычнымі, калі загадаюць ЗША

"АБСЕ — зусім не самастойная арганізацыя, і прызнае яна выбары ў залежнасці ад меркавання сусветных лідараў. А сусветнымі лідарамі, якія ўваходзяць у АБСЕ, з'яўляюцца ЗША і некаторыя буйныя краіны Еўрасаюза", — заявіла яна ў інтэрв'ю агенцтву БелаПАН.





Адказваючы на пытанне пра парушэнні, якія фіксавалі на мінулых мясцовых выбарах незалежныя назіральнікі, Ярмошына падкрэсліла, што ім самім варта вывучыць закон: "Па-першае, назіральнікі не маюць права патрабаваць тое, што патрабуюць яны — напрыклад, адмяніць вынікі выбараў па ўчастку. Гэта немагчыма, няма такой працэдуры ў законе. Можна прызнаць выбары несапраўднымі па цэлым акрузе, калі, напрыклад, вынікі галасавання па гэтым участку маглі паўплываць на вынікі выбараў у цэлым. Але гэта рашэнне прымае, па-першае, акруговая камісія, а па-другое, з гэтай скаргай можа звяртацца не назіральнік, не давераная асоба, а толькі сам кандыдат у дэпутаты", — адзначыла чыноўніца.





Ярмошына таксама адзначыла, што на мясцовых выбарах было акрэдытавана 29 тысяч назіральнікаў, а напісалі скаргі не больш за сотню. Па яе словах, ствараецца адчуванне, што "некаторыя назіральнікі працуюць за здзелку. То бок, чым больш скаргаў будзе напісана, тым большай будзе аплата".