Вы тут

"Кажуць — адмоўлена": Літва ўнесла Раманчука ў "чорны ліст" Шэнгенскай зоны

Яраслаў Раманчук / Еўрарадыё

Эканаміст Яраслаў Раманчук трапіў у "чорны спіс" Шэнгенскай зоны. Пра гэта сябра апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі даведаўся, калі падаў дакументы на візу ў амбасаду Літвы. 

"У кастрычніку падалі дакументы ў літоўскую амбасаду на атрыманне візы. Папярэдняя гадавая шэнгенская віза ў мяне была акурат літоўская. Але ў кастрычніку, калі трэба было забіраць, мне сказалі прыйсці асабіста. Прыходжу, а мне кажуць — адмоўлена. У тлумачэнне прычынаў адмовы названа тое, што ўяўляю пагрозу нацыянальнай бяспецы адной з краін Шэнгенскай зоны. Літоўцы не ўдакладнілі, якая краіна", — распавёў эканаміст у інтэрв'ю Еўрарадыё. 

Раманчуку вярнулі пашпарт без візы і выдалі пісьмовае тлумачэнне. У ім адмова тлумачыцца тым, што эканаміст уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы. Пасля гэтага Раманчук падаў дакументы ў амбасаду Францыі: "Падаў дакументы ў французскую амбасаду. Паразмаўляў з французскім консулам. Ён сказаў, што ён можа даць мне нацыянальную візу, бо Францыя нічога да мяне не мае, але шэнгенскую не можа, бо Літва ўнесла мяне ў гэты ліст забароны".

Сам эканаміст мяркуе, што прычынай мог быць яго каментар расійскаму агенцтву "Спутник" ці інтэрнэт-радыё "Прымус" пра кантрабанду цыгарэт праз беларуска-літоўскую мяжу. Пра гэта яму, нібыта, неафіцыйна паведамілі літоўскія сябры. 

Яраслаў Раманчук: "Я магу звязаць гэта з тым, што я крытычна ставіўся да магчымага ўдзелу сілавых структураў Літвы да кантрабанды папяросаў з Беларусі. І калі беларусаў выкінулі з тэндару будаўніцтва газаправоду ў Літве... А так мы праводзілі канферэнцыю пра БелАЭС з удзелам літоўцаў. І ніякага незадавальнення не было".

Абскардзіць забарону эканамісту прапанавалі ў літоўскім судзе. "Літоўцы кажуць: ну, звяртайцеся ў суд. Як я магу звярнуцца ў суд, калі нават не магу прыехаць у Літву? Нават не ведаю, з якога боку гэта ўсё патлумачыць", — каментуе прапанову Раманчук.

Тым не менш апускаць рукі ён не збіраецца: "Я даслаў ліст ў Генеральную пракуратуру Літвы, у крымінальную паліцыю і ў аддзел інфармацыі, дзе даюць інфармацыю па візах. 27 лістапада ўсё гэта адправіў, пакуль не атрымаў адказу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.