Вы тут

“Яны гэтага не жадаюць”. Эксперт — пра адказ НАТА на пагрозы Расіі

НАТА не хоча Трэцяй сусветнай вайны / Reuters

Расія ўжо неаднаразова пагражала краінам НАТА — Літве і Польшчы, ядзернымі ўдарамі, ракетамі ды іншай зброяй. Гэта тэма ўсё больш абмяркоўваецца ў грамадстве. Як адкажа НАТА, калі гэта сапраўды здарыцца? 

Палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман кажа, што дакладны адказ на гэтае пытанне не дасць ніводны сур’ёзны аналітык. 

— Пра гэта сёння пішуць вельмі шмат у дачыненні да “Сувалкаўскага калідора”, ідуць разважанні на гэты конт, што там можа быць, калі сапраўды будзе нейкая ваенная аперацыя з расійскага боку ці з беларускага. Як будзе паводзіць сябе НАТА ў гэтым выпадку. Хто сёння можа адказаць на гэтыя пытанні? З аднаго боку, мы маем сапраўды пяты артыкул статута НАТА. І паводле гэтага пятага артыкула, калі на аднаго з членаў НАТА будзе зроблены напад, то астатнія члены павінны на гэта адказаць. І рашучасць сваю яны падкрэсліваюць. І ў дачыненні да дапамогі Літве, і Польшчы, і іншым краінам. 

Але калі мы на самай справе ўявім сабе гэтую сітуацыю? Пакуль яна выглядае фантастычна, але мы жывём у такім свеце, што трэба разглядаць розныя сітуацыі, нават самыя фантастычныя. Вось адбываецца такая ваенная аперацыя. 

Скажам так, магчымасці дасягнуць поспеху на гэтым кірунку ў Расіі на самай справе прысутнічаюць. І ўявім сабе, што вось гэты калідор яны ўзялі пад свой уласны кантроль. Якія магчымасці застаюцца ў НАТА ў гэтай сітуацыі? 

Трэба весці баявыя дзеянні, каб вызваляць гэтую тэрыторыю. Калі мы паглядзім на патэнцыял НАТА, усе гэтыя магчымасці прысутнічаюць. І гэта задача, якую НАТА можа вырашыць без асаблівых праблемаў. Але тут мы не павінны забывацца пра тое, што Расія — ядзерная дзяржава. 

Уявіце сабе: Расія захапіла гэтую тэрыторыю і кажа, што, калі вы будзеце цяпер за яе змагацца, мы пачынаем ядзерную вайну, і ўсё. Нас нічога ўжо не стрымае. Мы кажам адкрыта, мы пачнём вось гэтую вайну. 

Як будзе сябе паводзіць НАТА ў такім выпадку? Вам ніхто не зможа адказаць на гэтае пытанне. Гэта такі сцэнар, пра які ў НАТА разважаюць з 2014 года. Тэарэтычна адказ відавочны. 

Так, гэта тэрыторыя краіны НАТА, за яе трэба змагацца. А практычна, калі вам пагражаюць ужо адкрыта ядзернай зброяй і кажуць, што яны яе прыменяць? Як будзе паводзіць сябе НАТА ў такім выпадку? 

Усе вайсковыя опцыі, звязаныя з Беларуссю і Расіяй, — гэта шлях да Трэцяй сусветнай вайны з выкарыстаннем ядзернай зброі. І тут адказ НАТА відавочны: яны гэтага не жадаюць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.