Я/МЫ “Першы”: новы спектакль-вербацім у Купалаўскім

Я/МЫ “Першы”: новы спектакль-вербацім у Купалаўскім

8 студзеня на камернай сцэне Купалаўскага тэатра — прэм’ера новага спектакля Рамана Падалякі “Першы”. Як рэжысёр ён вядомы найперш неадназначнай пастаноўкай па кнізе “Радзіва “Прудок” Андруся Горвата. Але гэтым разам Падаляка вырашыў адысці ад мастацкай літаратуры.

“Першы” — (умоўна) дакументальная пастаноўка пра дзяцінства, дзіцячы садок і пра тое, якімі мы ўяўляем бацькоў, пакуль яшчэ застаёмся дзецьмі. Мікс з радасных і жудасных гісторый, якія даслалі рэжысёру “звычайныя” людзі. Яны і аўтары гэтага спектакля, і патэнцыйныя гледачы.

Я/МЫ “Першы”: новы спектакль-вербацім у Купалаўскім
Еўрарадыё

Першыя ўражанні дзяцей ад свету фармуюць матрыцу поглядаў, звычак, дзеянняў, комплексаў і траўмаў, у якой мы існуем усё жыццё. Кожная дробязь можа ператварыцца ў нешта важнае і сакральнае.

Умоўны таемны пакой. Умоўны дзіцячы садок. Умоўная гісторыя пра каханне, пра ежу, пра збіццё. Умоўная гісторыя пра бацькоў і пра волю. Пра ўцёкі з садка. Пра гаршчок і пагрозы выхавальніц. Сярод чужых гісторый вы пазнаеце тыя, што адбываліся з вамі. Розныя абставіны, але тыя ж словы. Розныя людзі, але тыя ж дзеянні.

Я/МЫ “Першы”: новы спектакль-вербацім у Купалаўскім
Еўрарадыё

Ствараецца ўражанне, што ўсе мы жывём у цыклічнай матрыцы з адных і тых жа заўваг, слоў, пагроз і сітуацый. І самае страшнае: незаўважна для сябе мы паўтараем тыя ж самыя словы і дзеянні. І ад гэтага робіцца сапраўды страшна. А яшчэ робіцца шкада ўсіх нас, якія прайшлі праз усе гэтыя сітуацыі.

Рэжысёр умоўна акрэслівае жанр спектакля як “вербацім”, але сам дадае, што гэта можа вызваць пытанні. Бо гэта не зусім “чысты” вербацім. Умоўны вербацім. Перад прэм’ерай Падаляка прызнаецца, што падчас рэпетыцый не было ніякага “канчатковага” тэксту “п’есы”. Рэжысёр сумесна з акцёрам Міхаілам Зуем мантавалі тэкст у рэжыме анлайн, сумяшчаючы розныя падобныя гісторыі ў суцэльны наратыў.

Я/МЫ “Першы”: новы спектакль-вербацім у Купалаўскім
Еўрарадыё

Умоўна дакументальны спектакль. Нешта паміж аўтафікшнам у літаратуры і докудрамай у кінематографе. Калі ўсё грунтуецца на рэальных гісторыях, але яны творча і па-мастацку апрацаваныя.

Людзі дзеляцца прыватнымі гісторыямі з сябрамі, з блізкімі людзьмі. Спектакль “Першы” — гэта асабістыя гісторыі, якія адбыліся з кожным з нас. Першае каханне, першае сяброўства, першае расчараванне, першая здрада. Гісторыі хлопчыкаў і дзяўчатак розных узростаў, якімі мы былі. Я/МЫ “Першы”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі