Якіх пашкоджанняў на целе загінулага салдата "не заўважыла" следства? (Фота 18+)

Магіла Аляксандра Коржыча на могілках пад Пінскам. Фота: Еўрарадыё
Магіла Аляксандра Коржыча на могілках пад Пінскам. Фота: Еўрарадыё

Рэзанансная справа аб гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў ваенчасці ў Печах набліжаецца да развязкі. Следчы камітэт абвясціў пра заканчэнне папярэдняга следства. Яно пацвердзіла высновы, якія СК ўжо агучваў: 21-гадовы пінчук скончыў жыццё самагубствам.

Высновы следства аспрэчвае Святлана Коржыч, мама загінулага радавога. Праз некалькі дзён пасля таго, як яе сына знайшлі ў пятлі, яна распавядала Еўрарадыё, што вайскоўцы каля 14 гадзінаў не давалі ёй убачыць цела. Увесь гэты час Святлана Мікалаеўна знаходзілася на тэрыторыі вучэбнага цэнтра ў Печах. Разам з ёй туды прыехалі сябры Аляксандра Коржыча, а сярод іх — практыкуючы хірург. Аднак на ўскрыццё не дапусцілі і яго.

Калі цела Аляксандра Коржыча прывезлі ў Пінск, яго сваякі зрабілі некалькі фотаздымкаў. На іх бачныя і сляды на запясцях, і гематома на лбе — следства іх, здаецца, наогул не заўважыла. Вось гэтыя фота:

Асцярожна! Далей у гэтым артыкуле ўтрымліваюцца здымкі, якія не рэкамендуюцца да прагляду тым, каму няма 18 гадоў, а таксама асобам са слабой псіхікай. Добра падумайце, ці вы хочаце глядзець гэтыя фота.

"Выснова аб давядзенні да самагубства радавога Коржыча зробленыя на падставе паказанняў пацярпелых і сведкаў, абставінаў, зафіксаваных на месцы выяўлення трупа (сляды барацьбы адсутнічалі, прастора вентыляцыйнай камеры было абмежаваная). А таксама высноваў судова-медыцынскай экспертызы аб прычынах і часу надыходу смерці, вынікаў следчага эксперыменту і іншых матэрыялаў крымінальнай справы", — піша пра высновы следства па "справе Коржыча" сайт газеты" СБ — Беларусь сегодня ".

Святлана Коржыч гатовая дазволіць эксгумацыю цела свайго сына, каб правесці паўторную экспертызу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі