Вы тут

Якая авіяцыя лётае над Мінскам, і дзе яе чуюць і бачаць часцей за ўсё

Верталёт Мі-8 падчас вучэнняў. Раман Пратасевіч // Еўрарадыё

Жыхары Мінска скардзяцца на верталёт, які ўвечары лётае над горадам і не дае спакойна адпачываць. Такія палёты на невялікай вышыні здараюцца не часта. Асабліва неспакойныя гараджане, бачачы ў паветры тэхніку Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прыдумляюць немаведама што.

У МНС тлумачаць, што паднімаюць тэхніку ў паветра, каб адшукаць магчымыя прарывы цеплаправодаў. Такія вечаровыя палёты адбываюцца кожную вясну. Сёлета планавае абследаванне сталіцы з дапамогай цеплавізараў мусіла адбывацца з 8 па 11 сакавіка, аднак праз неспрыяльнае надвор’е першы вылет адбыўся толькі ўвечары 12 сакавіка. Палёты будуць працягвацца яшчэ пару дзён у вечаровы час з 19 гадзін да поўначы.

Еўрарадыё высветліла, якія верталёты і самалёты лётаюць над Мінскам і над якімі раёнамі іх можна ўбачыць часцей за ўсё.

Праз закрыццё двух аэрадромаў авіяцыі ў Мінску стала менш

Часта ўбачыць і пачуць над сваёй галавой авіяцыю могуць жыхары ўскраін горада. Прычым кожны раз розную. Раней палёты адбываліся і праз цэнтр Мінска, аднак з поўным закрыццём аэрапорта “Мінск-1”, каля якога знаходзіўся авіярамонтны цэх, самалёты больш не турбуюць спакой жыхароў цэнтра сталіцы.

Аэрадром “Баравая” на поўначы сталіцы, адкуль раней узляталі верталёты, спартыўныя самалёты і сельскагаспадарчыя Ан-2, вядомыя ў народзе як кукурузнікі, цяпер таксама не функцыянуе — тэрыторыю побач з ім актыўна забудоўваюць. Застаўся на сваім месцы толькі музей авіяцыі. Новай базай авіяцыйнага аддзялення ДАСААФ стаў аэрадром “Ліпкі”. Там жа базуецца авіяцыя МНС.

Менавіта з аэрадрома “Ліпкі", які знаходзіцца за мінскай кальцавой побач з мікрараёнам Сцяпянка, узлятаюць верталёты ратавальнікаў. Шум ад авіяцыі, якая
злятае адсюль, добра чуваць ва ўсходніх раёнах Мінска.

Прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі тлумачыць, што нейкага вызначанага графіку трэніровачных палётаў няма:

“Усё залежыць ад умоў надвор’я. Напрыклад, у лютым трэніровачных палётаў амаль не было, бо надвор’е не дазваляла. Што тычыцца неабходнасці такіх палётаў, дык гэта перш за ўсё гадзіны налётаў для пілотаў на кожным тыпе тэхнікі, і канкрэтныя цэлі пад кожную трэніроўку. Менавіта таму часам верталёты лятаюць над горадам, а ў некаторых выпадках — толькі над лесапаласой”.

Парк авіяцыі МНС складаецца з верталётаў AS-355, Мі-2, Мі-8, Мі-26, самалётаў Ан-2. Вечаровыя палёты, якія кожную вясну нервуюць мінчукоў, праходзяць на Мі-8.

Верталёт МНС падчас вучэнняў у цэнтры сталіцы. Раман Пратасевіч // Еўрарадыё

“Просты чалавек не можа ўзяць і паляцець над Мінскам”

Таксама палёты ў Мінску можа здзяйсняць кампанія “А100-Авія”, якая мае ўласную
сертыфікаваную верталётную пляцоўку на Баравой. Яе прадстаўнікі распавялі, што палёты ажыццяўляюцца толькі уздоўж МКАД. Хаця бываюць і выключэнні:

“Часам мы можам лётаць і над Мінскам, але для гэтага трэба прайсці сур’ёзныя ўзгадненні. Трэба атрымаць афіцыйны дазвол ад Мінгарвыканкама і Службы бяспекі прэзідэнта. Без гэтых арганізацый дазвол на палёты не выдаецца. То бок, гэта не проста, захацеў і паляцеў, а ўсё на законных падставах. Пры гэтым вышыня палёту мусіць быць не меншай за трыста метраў”.

Калі нехта хоча паздымаць Мінск з борта верталёта ці правесці аэрафотаздымку, трэба рабіць запыт у генштаб Мінабароны, а пасля прадастаўляць ўсю “плёнку” на аналіз, кажуць у “А100-Авія”.

“Усё гэта не проста, усё гэта пільна кантралюецца. Так што, просты чалавек не можа ўзяць, і паляцець над Мінскам”, — дадае прадстаўнік кампаніі.

avia-100.by

Чыя яшчэ авіяцыя лётае над Мінскам?

У Беларусі за паветраную прастору адказвае Міністэрства абароны. Яго авіяцыю мы бачым над Мінскам падчас парадаў і іх рэпетыцый. Авіяпарады да 9 траўня адбываюцца да юбілеяў перамогі ў Вялікай айчыннай вайне, апошні раз гэта было ў 2015 годзе. А вось парад на 3 ліпеня звычайна без авіяцыі не абыходзіцца.

Гэта адзіныя выключэнні, калі самалёты перасякаюць усю тэрыторыю горада. Вялікі вайсковы аэрадром знаходзіцца у гарадскім пасёлку Мачулішчы на поўдзень ад сталіцы. Жыхары мікрараёнаў Лошыца і Курасоўшчына даволі часта чуюць шум авіяцыйных рухавікоў. А падчас парадаў і рэпетыцый вайсковую авіяцыю добра бачаць і чуюць не толькі ў паўднёвых мінскіх мікрараёнах, але і на Грушаўцы, і на Паўднёвым Захадзе.

Так выглядае прыблізная траекторыя палёту падчас авіяпарада. Чырвоным колерам пазначана, як авіяцыя рухаецца да кропкі правядзення свята, блакітным — маршрут вяртання тэхнікі на базу.

У 2017 годзе Еўрарадыё пісала пра вайсковую авіяцыю, якая лётала над горадам. Тады нам распавядалі, што гэта таксама звязана з трэніровачнымі палётамі, а пілоты такім чынам адпрацоўваюць пасадку у розных метэаралагічных умовах. Цяпер аператыўна атрымаць каментарый у прэс-службе Мінабароны не атрымалася.