Якаўлеўскі: Арабы пускаць грошы на вецер не будуць

Еўрарадыё: Ці паўплывала б стварэнне ў Беларусі спецыяльнай катарскай зоны на лібералізацыю і дэмакратызацыю Беларусі? 

Раман Якаўлеўскі: “Хацеў бы па-першае адзначыць што Катар - абсалютная манархія, неабмежаваная, але ж лічыцца адной з самых ліберальных краін, у якой, падкрэсліваю, няма ні адной палітычнай партыі. Я ня ведаю, камусьці гэта мабыць і спадабаецца”.

Еўрарадыё: Так хутчэй мы станем манархічнай дзяржавай? 

Раман Якаўлеўскі: “Ну чаму – станем? А што ў нас неманархічнага – толькі іншая назва, суперпрэзідэнцкая рэспубліка”. 

Еўрарадыё: А чаму менавіта Катар? Лукашэнка шукае выйсця з крызісу і сябруе з багатымі краінамі? 

Раман Якаўлеўскі: “Безумоўна. Так можна лічыць. Наконт гэтых амбітных планаў, якія сталі вядомыя, я хацеў бы нагадаць, што не менш амбітныя планы мы чулі не так даўно – зрабіць Беларусь плацдармам для Кітая ў Еўропу. Так што гэта не ўпершыню”.  

Еўрарадыё: А ці ёсць прэцэдэнты стварэння такіх выспаў дзесьці апроч нашай краіны? 

Раман Якаўлеўскі: “Я штосьці такога не чуў. Я магу чагосьці і ня ведаць, але не чуў. Я хацеў бы звярнуць вашую ўвагу вось на што: па выніках гэтага візіту была абнародавана такая інфармацыя, што ў Мінску плануецца з беларускага боку інвестыцыйная кампанія “Сокал”, а з катарскага боку, падкрэсліваю, там дзе будуць грошы, інвестыцыйны фонд – увага! – узброеных сіл Катара. Штосьці я такога дзіўнага спалучэння таксама ніколі не чуў. Што гэта можа азначаць, я не ведаю, але гучыць вельмі экзатычна – інвестыцыйны фонд узброеных сіл. А тут яны збіраюцца будаваць выключна грамадзянскія аб’екты. Трэба было б гэта ўдакладніць. Я думаю, у хуткім часе па тэлебачанні мы пачуем звычайныя не толькі разважанні, але і шчыраванні Лукашэнкі на гэты конт”.

Еўрарадыё: А якая ўвогуле логіка ў выбіранні такіх сяброў як Венесуэла ці Катар? 

Раман Якаўлеўскі: “Гэта не да мяне пытаньне. Пэўная логіка ёсць. Калісьці быў такі міністр замежных спраў Беларусі Іван Антановіч, дарэчы, адначасова расійскі грамадзянін, дык ён гэта фармуляваў так: мы ідзем туды, дзе рэагуюць на нашыя пульсацыі. Вось захад адвяргае, а мы ідзем ажно да Антарктыды. Але заўважце, па выніках візіту ў Катар былі і такія шчыраванні кіраўніка беларускай дзяржавы, што недастатковыя стасункі менавіта ў эканамічным плане, што ў палітычным нібыта ўсё добра, а вось у эканамічным вельмі мізерна. Хацеў бы нагадаць, што арабскія бізнэсоўцы не наіўныя, гэтаксама як і кітайскія. Вось так, на адных дэкларацыях ці на вецер яны пускаць грошы ніколі не будуць. Трэба ўлічваць, што Катар – трэцяя ў свеце краіна па запасах газу і шостая – па экспарту”. 

Еўрарадыё: Гэта адаб’ецца на эканоміцы Беларусі, калі мы будзем сябраваць з Катарам?

Раман Якаўлеўскі: “А мы не пачынаем. Хачу зноў нагадаць, у гэтым годзе калі не памыляюся, быў візіт буйной Катарскай дэлегацыі – бізнэсколаў, якія цікавіліся менавіта Салігорскам. Гэта проста павінна пашырыцца і паглыбіцца  гэтае сяброўства. Але нагадаю, дэкларацыі – адно, а справы – іншае”.