Як у Грузіі выкрадаюць нявест

Фота: jam-news.net
Фота: jam-news.net

Штогод у Грузіі адбываюцца дзясяткі выкраданняў непаўналетніх, у асноўным школьніцы. Дзяўчынку хапаюць, сілком саджаюць у машыну, вязуць, а потым прымушаюць выйсці за выкрадальніка замуж. “Выкраданне з мэтай стварэння сям'і” сёння найбольш распаўсюджанае ў рэгіёне Квема Картлі. Выкрадзеную, як правіла, не падтрымлівае ўласная сям'я, якая адмаўляецца вярнуць яе дадому, лічачы “зганьбаванай”. Сваякі выкрадзенай, іх суседзі, старэйшыны у іх грамадах, хутчэй за ўсё, палічыць замужжа дзяўчынкі самым спрыяльным зыходам, а дзяржава заключыць з гвалтаўніком цалкам законную здзелку. Гісторыі скрадзеных распавядае JAMnews

 

Зарыфа

28 красавіка 2017 вучаніцу дванаццатага класа Зарыфу Н. ў сяле Такала Марнеульскага раёна прама са школьнага двара выкраў мужчына, старэйшы за яе на дзесяць гадоў. Родныя шукалі дзяўчынку два дні, запэўнівалі, што Зарыфа не хацела ствараць сям'ю і патрабавалі яе вярнуць.

Тое ж самае сцвярджала і настаўніца Мака Ментэшашвілі, якая выкладала ў Зарыфы грузінскую мову.

“Зарыфа была актыўнай, яна хацела працягнуць вучобу ва ўніверсітэце, ― кажа настаўніца, ― мы абмяркоўвалі праблему ранніх шлюбаў у школе, таму я ведаю яе думку на гэты конт”.

Але ў выніку падзеі развіваліся па сцэнарыі, які ў некаторых раёнах Грузіі паспелі адпрацаваць да дробязяў. А менавіта ― бацькі дамовіліся з выкрадальнікам і пагадзіліся, каб іх непаўнагадовая дачка стала яго жонкай. Раённая пракуратура, якая распачала крымінальную справу, неўзабаве пагадзілася на перамовы з абвінавачаным, прыняла да ўвагі ўсе абставіны і звярнулася да суда з прапановай заключыць з “жаніхом” працэсуальнае пагадненне. Абвінавачаны пералічыў у бюджэт салідны штраф і быў адпушчаны на волю. А Зарыфа стала замужняй жанчынай, хоць яе згоды ніхто не пытаўся.

У вёсцы да гэтай гісторыі ставяцца як да належнага. Тут нікога не здзіўляе ні першапачатковая рэакцыя сям'і, ні наступная згода бацькоў.

Асноўнае насельніцтва гэтага сяла і ўсяго рэгіёна Квема Картлі ― этнічныя азербайджанцы.

Мясцовыя жыхары кажуць, што выкраданне дзяўчат з мэтай замужжа ― гэта частка нацыянальных традыцый. Падобна на тое, гэтая ж ўстаноўка дазваляе грузінскім уладам адмахвацца ад праблемы. Улада, і мясцовая, і цэнтральная, глядзіць скрозь пальцы на сотні злачынстваў, якія здзяйсняюцца супраць непаўналетніх дзяўчат, але пры гэтым пільна сочыць за выкананнем іншых законаў. Дарэчы сказаць, што рэгіён Квема Картлі ― гэта аддаленае высакагор'е (дзе складанасці з усталяваннем вяршэнства закона можна было б паспрабаваць растлумачыць геаграфічнымі фактарамі). Усе гэтыя падзеі адбыліся ў сарака пяці кіламетрах ад Тбілісі. Пры гэтым у большай частцы астатніх рэгіёнаў Грузіі з гэтай “традыцыяй” практычна скончана.

Как в Грузии похищают невест
Выкраданне дзяўчыны з мэтай жаніцьбы лічыцца нацыянальнай традыцыяй тут ― усяго ў 45 кіламетрах ад Тбілісі. Фота: Давід Пипиа, JAMnews

Нахіда

Нахідзе Абдулаевай 30 гадоў. Жыве яна ў сяле Кутляры Марнеульскага раёна. Ёй было 17, калі яе выкраў сусед:

“У мяне ў той дзень быў апошні званок, я была так рада. Марыла, як паеду ў Тбілісі вучыцца, а потым пачну працаваць у паліцыі. Бацька заўсёды быў супраць, каб я з'язджала кудысьці далёка ад сям'і, але мне ўдалося яго пераканаць. У той вечар бацькі сышлі на ферму, дома засталіся мы з малодшым братам, у гэты час зайшоў сусед, папрасіў вады. Калі я выйшла па ваду, некалькі хлопцаў схапілі мяне і запіхнулі ў машыну”.

Сёння Нахида ― маці дваіх дзяцей, яе хлопчыкам 11 і 9 гадоў. Працягнуць вучобу яна, вядома, не змагла, ды і наогул з сяла выязджала толькі некалькі разоў.

"Спачатку было цяжка, але за трынаццаць гадоў прыбвыкаеш і да такой рэальнасці. Я працую з раніцы да вечара, у мяне ўсё баліць. Калі сям'я куды-небудзь сыходзіць, мяне пакідаюць дома як вязня, замыкаюць вароты звонку на вялікі замок".

Рэдкая дзяўчынка з Квема Картлі не ведае, што ранняе замужжа нярэдка азначае такое жыццё, як у Нахіды. Нягледзячы на гэта, амаль усе ахвяры выкраданняў пагаджаюцца на замужжа.

Нахіда кажа, што выкрадзеная дзяўчына лічыцца "зганьбаванай", і яе больш ніхто не возьме ў жонкі.

“На вернутую дзяўчыну суседзі заўсёды будуць паказваць пальцам і казаць, што яна "сапсаваная”. Ніхто не хоча мець дома такую дачку ці тым больш жонку. Таму дзяўчаты і застаюцца з выкрадальнікамі”.

 

Айгюн

15-гадовая Айгюн Мамедава (імя і прозвішча змененыя) ― маладая жонка, якая з гатоўнасцю дзеліцца з намі гісторыяй свайго шчаслівага сямейнага жыцця. У верасні 2016 года, калі Айгюн выкралі, ёй было 14 гадоў. 15-годдзе яна адзначыла ўжо ў новай сям'і. Айгюн кажа, што шчаслівая, любіць мужа і лічыць, што дзяўчына на ўсялякі выпадак заўсёды павінна быць гатовая да выкрадання і ў гэтым няма нічога дрэннага.

Не бачыць яна праблемы і ў раннім шлюбе: “У нас гэта так ― калі не створыш сям'ю ў раннім узросце, потым цябе ніхто не возьме”.

У гэтай гісторыі, аднак, ёсць важная агаворка ― Айгюн добра ведала свайго будучага мужа і да моманту выкрадання, нягледзячы на юны ўзрост, нават была ў яго закаханая.

“Муж мяне выкраў для таго, каб сям'я пазбегла лішніх выдаткаў на вяселле”, ― тлумачыць яна. Айгюн сышла са школы ў восьмым класе і працягваць вучыцца не збіраецца ― лічыць, што сумяшчаць сям'ю і вучобу цяжка, і яе абавязак ― быць добрай маці і жонкай.

Меркаванне Айгюн аб несумяшчальнасці вучобы і сямейнага жыцця падзяляюць сотні грузінскіх школьніц. Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі ў 2015 годзе 576 навучэнак кінулі школу ў сувязі са стварэннем сям'і. Многія грамадзянскія актывісты лічаць гэтую статыстыку недакладнай і мяркуюць, што рэальная колькасць вышэйшая за заяўленую афіцыйна.

 

Гюнай

Как в Грузии похищают невест
Гюнай сцвярджае, што сям'я, створаная ў выніку выкрадання, можа быць шчаслівая. Фота Давід Піпія, JAMnews

Гюнай Байрамаву выкралі, калі ёй было 20 гадоў. Будучы муж яна ўпершыню ўбачыў на заручынах, да гэтага яна яго не ведала, затое аднойчы бачыла свякроў. Тая прыходзіла “папіць чай” ― гэта своеасаблівыя азербайджанскія агледзіны, калі маці маладога чалавека прыходзіць у сям'і да дзяўчыны, каб пазнаёміцца і дамовіцца з яе бацькамі аб будучым вяселлі. Нягледзячы на тое, што яны былі ўжо заручаныя, жаніх ўсё роўна выкраў яе.

“У нас хлопцы вельмі любяць, калі дзяўчыну выкрадаюць”, ― кажа з усмешкай Гюнай.

"Пасля выкрадання я хацела вярнуцца дадому, але ў нас так не прынята. Жанчына, якую выкралі, павінна ўсё трываць, іншага выйсця няма.Я перажыла, і цяпер у мяне ўсё добра".

Каміла

“Змены адбываюцца, хоць і вельмі павольна, ― кажа Каміла Мамедава, дырэктар абшчыннага радыё "Марнеулі". Яна распавядае гісторыю адной дзяўчыны з азэрбайджанскай сям'і, якая была выкрадзеная і ўтрымлівалася выкрадальнікам пяць дзён. У бацькоў дзяўчыны атрымалася пераступіць праз уласныя стэрэатыпы, яны не адрынулі дачка і не аддалі яе выкрадальніку. Гадоў пятнаццаць назад такое цяжка было ўявіць.

Сама Каміла таксама жыве ў Марнеули, але яе гісторыя адрозніваецца ад гісторый жыцця большай часткі жанчын рэгіёна. Cям’і ў яе няма. Пасля школы яна паступіла ў адну з медыяшкол Грузіі і кожны дзень ездзіла туды на лекцыю з Марнеулі. Не ўсе сяброўкі разумелі такую цягу да ведаў.

Каміла кажа, што раннія шлюбы ― балючая для яе тэма.

Традыцыя выкрадання нявест актуальная не толькі ў Грузіі ― гэтая практыка распаўсюджаная як на Паўднёвым, так і на Паўночным Каўказе.

“Традыцыя” выкрадання з мэтай жаніцьбы асабліва была пашыраная да нядаўняга часу ў Чачні, Інгушэціі і Дагестане. Рамзан Кадыраў ў 2013 годзе заявіў, што ў рэспубліцы практыка выкраданняў нявест цалкам выкараненая. Да гэтага, у 2008 годзе, супраць гэтай традыцыі выступіў муфтый Чачні. Хоць існуе меркаванне, што выкраданні ў Чачэніі не зніклі, проста іх сталі лепш хаваць.

У траўні 2017 года прэзідэнт Інгушэціі Юнус-бек Еўкураў выступіў супраць ініцыятывы ўсталяваць пакаранне за выкраданне з мэтай жаніцьбы. Паводле яго слоў, гэта дзеянне і так караецца паводле крымінальнага кодэксау РФ, і патрэбы ў новаўвядзеннях няма.

 

Статыстыка

Паводле статыстыкі Апарата народнага абаронцы (амбудсмэна) Грузіі, у 2011-2014 гадах вучобу ў школе кінулі 4599 дзяўчынак. У 2015 годзе было зарэгістравана 611 шлюбаў з удзелам непаўналетніх, у 2014 годзе ― 665.

У справаздачы амбудсмэна за 2016 год сказана, што ў 2015 годзе 408 навучэнцаў ва ўзросце да 17 гадоў кінулі вучобу ў сувязі са стварэннем сям'і. Яшчэ ў 168 выпадках вучобу кінулі школьнікі, якія паспелі дасягнуць паўналецця.

Гэтыя лічбы абапіраюцца на дадзеныя Міністэрства адукацыі Грузіі, якое дапускае, што яны могуць быць недакладнымі, бо ў муніцыпалітэтах Квема Картлі, дзе шлюбы непаўналетніх распаўсюджаныя больш за ўсё, многія школы такую статыстыку проста не вядуць ― не бачаць неабходнасці.

Актывіст жаночага руху Грузіі Нона Самхарадзэ шмат гадоў працуе ў Марнеулі. Яна лічыць, што цяпер дзяўчат выкрадаюць радзей, чым раней, але падставаў для аптымізму па-ранейшаму мала.

“Толькі я магу ўспомніць тры выпадкі, якія адбыліся ў апошнія некалькі месяцаў. Дзве дзяўчыны засталіся ў сем'ях выкрадальнікаў, а адну вярнулі дадому бацькі. Я падазраю, што гэта адбылося толькі таму, што паліцыя знайшла яе параўнальна хутка ― дзяўчыне не давялося праводзіць ноч з выкрадальнікам [у гэтым выпадку сваякі могуць не палічыць яе “зганьбаванай” ― рэд.]”, ― кажа Нона.

 

Закон і дзяржава

Выкраданне жанчын з мэтай жаніцьбы па грузінскіх законах з'яўляецца крымінальным злачынствам і караецца турэмным тэрмінам ад двух да чатырох гадоў (артыкул 143 Крымінальнага кодэкса "Незаконнае пазбаўленне волі"). У выпадку выкрадання непаўналетняй ―ад васьмі да дванаццаці гадоў.

З 2014 года да Крымінальнага кодэкса Грузіі быў дададзены артыкул 150 ― прымус да шлюбу, які прадугледжвае грамадскія работы або зняволенне тэрмінам да двух гадоў. У выпадку з непаўналетняй тэрмін складзе ад двух да чатырох гадоў. Аднак, паводле справаздачы амбудсмэна за 2016 год, за ўвесь папярэдні, 2015-ы, год у Грузіі нікога не прыцягвалі па гэтым артыкуле.

Паводле даследавання, праведзенага ў 2016 годзе годзе шведскім агенцтвам развіцця SIDA, у судах Квема Картлі па фактах выкрадання дзяўчат было разгледжана 39 спраў. І ва ўсіх 39 выпадках з выкрадальнікамі былі аформленыя працэсуальныя здзелкі ― усе яны выплацілі штрафы, атрымалі ўмоўныя тэрміны і былі адпушчаныя на волю.

Па дадзеных аналітычнага дэпартамента МУС Грузіі, у студзені-траўні 2017 года было распачатае расследаванне па 14 фактах незаконнага пазбаўлення волі. Шэсць выпадкаў адбыліся ў Марнеулі. Таксама за той жа перыяд у Марнеулі было распачатае расследаванне па двух выпадках прымусу да шлюбу.

Закон абараняе правы выкрадзеных, а дзяржава ― не, лічыць юрыст Цэнтра канстытуцыйных даследаванняў Георгій Мумладзэ. “Калі выкрадзеная і яе сваякі згодныя на стварэнне сям'і, дзяржава пакідае за сабой права змякчыць пакаранне, яе гэта задавальняе”, ― кажа Мумладзэ.

Как в Грузии похищают невест
Хатняя гаспадарка, дзеці, ніякай адукацыі і прафесіі ― такое жыццё чакае дзяўчыну, якая выйшла замуж у раннім узросце. Фота: Давід Пипиа, JAMnews

Чаму дзяржава ідзе на здзелку з выкрадальнікам?

"У гэтага некалькі прычын, ― лічыць Нона Самхарадзэ. ― Па-першае, сярод саміх праваахоўнікаў нямала людзей, для якіх выкраданне ― гэта традыцыя, а не злачынства".

“Бывалі выпадкі, калі яшчэ да выкрадання выкрадальнік кансультаваўся з сябрамі-паліцэйскімі аб тым, як пазбегнуць пакарання”, ― кажа праваабаронца.

Іншы аргумент ― улада спрабуе пазбегнуць канфлікту ў кампактна населеных азербайджанцамі рэгіёне і заплюшчваюць вочы на гэтую злачыннуюм “традыцыю”, каб не раздражняць мясцовае насельніцтва.

Нона Самхарадзэ лічыць, што палітыкам патрэбныя галасы жыхароў Марнеулі, і дзеля гэтага яны гатовыя змірыцца з “мясцовай спецыфікай”. “Я ўжо 20 гадоў чую, што Квема Картлі ― гэта "сенсітыўны рэгіён", і што дзяржава не можа пайсці супраць мясцовых традыцый... А дзяўчынкі становяцца ахвярамі такога падыходу”, ― кажа Нона Самхарадзэ.

Паводле яе слоў, у працэсе таксама вялікую ролю граюць лідары абшчыны і старэйшыны, якія з'яўляюцца аўтарытэтамі для ўлады і праваахоўных органаў.

“Старэйшыны часта займаюць бок выкрадальніка і пераконваюць бацькоў дзяўчынкі не скардзіцца ў паліцыю”, ― кажа праваабаронца.

Прадстаўнік НДА "Жаночы погляд" Гванца Ханелідзэ таксама кажа пра цэлы механізм, які працуе супраць дзяўчынак.

“Дзяўчынку не падтрымлівае сям'я, якая не прымае яе дадому, лічачы зганьбаванай. Ад яе адварочваюцца і дзяржава, і грамадства. У яе проста не застаецца іншага выйсця, акрамя як змірыцца з лёсам”, ― кажа Ханелідзэ.

 

Ад ранніх шлюбаў ратуе школа?

Мака Менцешашвілі тры гады працуе настаўніцай грузінскай мовы ў азербайджанскай школе ў Марнеулі. Яна прыйшла ў школу, каб дапамагчы азербайджанскім школьнікам авалодаць грузінскай, але неўзабаве зразумела, што толькі ведання дзяржаўнай мовы недастаткова для таго, каб атрымаць добрую адукацыю і дамагчыся поспеху. Тады Мака па ўласнай ініцыятыве адкрыла ў сяле "Грамадзянскі клуб", у якім школьнікі абмяркоўваюць правы чалавека і даведаюцца, што такое гендэрная роўнасць. Урок школьнай праграмы, на якім можна было б абмеркаваць гэтыя пытанні, у Грузіі дагэтуль не існуе, і ў ізаляваных супольнасцях, якія жывуць па патрыярхальных канонах, гэта адчуваецца асабліва востра, кажа Мака.

Паводле дадзеных інфармацыйнай сістэмы кіравання адукацыяй, у 2015-2016 гадах 3,8 працэнта вучняў Квема Картлі кінулі школу. У азербайджанскіх школах рэгіёна вучобу кідаюць ў асноўным дзяўчынкі, у грузінскім ― хлопчыкі. У сярэднім дзесяць адсоткаў дзяўчынак з азербайджанскіх школ не давучваюцца да канца, у грузінскіх школах іх нашмат менш ― 1,9 працэнта.

“Я бачу прагрэс ― у нас з кожным годам становіцца больш дзяцей, якія скончылі школу”, ― кажа Мака Менцешашвілі.

У Марнеульскім муніцыпалітэце 75 публічных школ, у якіх у апошнім навучальным годзе налічвалася 18500 вучняў.

Мы запыталіся ў моладзі ў Марнеулі, што яны думаюць пра раннія шлюбы і выкраданне нявест. Многія адказалі, што выкраданне нічога агульнага не мае з традыцыямі, і гэта ўсё напрамую залежыць ад адукацыі.

 

Наніко Сісвадзэ, Давід Піпія, JAMnews

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі