Вы тут

Выказваем заклапочанасць: усе вучаць усіх разумець, што такое свабода

Агляд пра свабоду / калаж Еўрарадыё

Францыя хоча свабоды ад вакцынацыі. ЗША хочуць свабоды для Ганконга. Кітай хоча свабоды ад амерыканскіх спробаў растлумачыць, што такое сапраўдная свабода. Пераможцаў у гэтым філасофскім дыспуце не прадбачыцца.
 

Няма свабоды без абавязацельстваў

Парламент Францыі прыняў закон аб санітарных пропусках і абавязковай вакцынацыі медработнікаў, піша РІА Новости. Чаму гэта важна?

Таму што супраць гэтага на вуліцы выйшла 160 тысяч чалавек. Многія з іх з лозунгам "Свабода!".

Макрон у чатырох словах змог растлумачыць французам-пратэстоўцам, што такое свабода.

"Няма свабоды без абавязацельстваў", — сказаў прэзідэнт.

Ён заклікаў да нацыянальнага адзінства і спытаў: "Чаго вартая ваша свабода, калі вы скажаце "Я не хачу рабіць прышчэпку", а заўтра заразіце свайго бацьку, сваю маці ці мяне?"

Новыя меры, па словах Макрона, неабходныя, каб абараніць уразлівыя групы насельніцтва — і пазбегнуць новых каранцінных абмежаванняў, ад якіх Францыя ўжо дастаткова пацярпела.

Санітарны пропуск з пачатку жніўня будуць патрабаваць у рэстаранах, барах, гандлёвых цэнтрах, самалётах і цягніках далёкага накіравання.

У ЗША і Кітая ўсё складана

Адносіны паміж Кітаем і ЗША зламаліся дзякуючы людзям, якія разглядаюць КНР як "уяўнага ворага", сказаў намеснік кіраўніка кітайскага МЗС. Сказаў ён гэта проста ў вочы намесніку амерыканскага дзяржсакратара Вэндзі Шэрман на сустрэчы ў Кітаі.

Гэта не адкрыццё. Напярэдадні гэтай сустрэчы МЗС Кітая абвінаваціла ЗША ў жаданні даць амерыканцам адчуванне адзінай, агульнай мэты праз кампанію дэманізацыі Пекіна. А яшчэ там папрасілі ЗША не чытаць Кітаю лекцый "пра дэмакратыю і правы чалавека", паказаўшы на гістарычнае стаўленне амерыканцаў да карэннага насельніцтва і ваенныя дзеянні ЗША ў іншых краінах.

Кітай цяпер сапраўды займае важнае месца ў амерыканскім парадку дня. ЗША крытыкуюць палітыку Кітая ў Ганконгу, а Кітай уводзіць новыя санкцыі супраць амерыканскіх афіцыйных асоб. Уплывовае СNN адводзіць перадавіцу пад аналіз палітыкі Сі Цзіньпіна, а эксперты кажуць: у двухбаковых адносінах даўно так не іскрыла.

Магчыма, Джо Байдэн і Сі Цзіньпін змогуць правесці асабістую сустрэчу на саміце G20 у Італіі ў кастрычніку і ўсё абмеркаваць. Здаецца, зносіны з кіраўнікамі дзяржаў Байдэну ўдаюцца: пасля саміту ў Жэневе расійскія хакеры паступова сыходзяць з амерыканскага парадку дня.

Але ці захоча Сі Цзіньпін размаўляць з Байдэнам? Пакуль што рыторыка кітайскага МЗС даволі жорсткая:

"Калі Злучаныя Штаты да сённяшняга дня не навучыліся ладзіць з іншымі краінамі на роўных, то мы разам з міжнароднай супольнасцю абавязаныя даць Злучаным Штатам добрую навуку ў гэтым дачыненні".

Рэвалюцыя не дала тунісцам працы і не выратавала ад COVID

Туніс быў адзінай краінай, у якой арабская вясна перамагла. Але ні стабільнасці, ні росквіту яна не прынесла. Тады, у 2011 годзе, важнай прычынай, якая падштурхнула да паўстання, стала беспрацоўе. Але і пасля рэвалюцыі гэтая праблема не была развязана.

А потым краіну, у якой і без таго не было эканамічнай стабільнасці, падкасіў COVID.

У гэтыя выхадныя людзі патрабавалі адстаўкі прэм'ера і крытыкавалі кіраўнічую партыю "Энахда". А потым штурмавалі яе офісы і падпалілі штаб-кватэру. Вынік — прэзідэнт звольніў прэм'ера і прыпыніў працу парламента на 30 дзён.

Адны пратэстоўцы ў гутарцы з агенцтвам "Франс-Прэс" казалі, што прэзідэнт "паказаў сябе сапраўдным дзяржаўным дзеячам". Другія не былі такія аптымістычныя:

— Гэтыя дурні святкуюць нараджэнне новага дыктатара.

Пасля рэвалюцыі ў 2011 годзе ў Тунісе змянілася ўжо дзевяць урадаў.

 

У Афганістане гінуць сотні мірных жыхароў

З пачатку года ў Афганістане загінула больш за 1,6 тысячы мірных жыхароў. Гэта нашмат больш, чым за першыя 6 месяцаў папярэдняга года. Гэта рэкордна шмат. І ААН папярэджвае: смерцяў можа стаць яшчэ больш.

Адказнасць за 64% ахвяр сярод цывільнага насельніцтва ААН ускладае на антыўрадавыя сілы. З усіх пацярпелых траціна — гэта дзеці.

Сілы ўрада Афганістана змагаюцца з паўстанцамі Талібана, якія цяпер кантралююць значную частку краіны. Большасць міжнародных сіл выведзеныя пасля заканчэння сваёй амаль 20-гадовай місіі.

У суботу высокапастаўлены камандуючы ЗША генерал Кенэт Маккензі заявіў, што амерыканцы працягнуць наносіць удары з паветра, каб падтрымліваць афганскія войскі. Але ці працягнуцца гэтыя ўдары пасля афіцыйнага завяршэння амерыканскай місіі 31 жніўня або ўрад застанецца з Талібанам сам-насам — незразумела.

Не хваліцеся фатаграфіямі з пратэстаў

Беларускі досвед нікога не вучыць, і асабліва ён не вучыць амерыканцаў. Чарговага ўдзельніка штурму Капітолія затрымалі, калі ён вырашыў пахваліцца перад дзяўчынай фатаграфіяй з Вашынгтона. На ёй відаць, чым ён займаўся ў студзені.

Мужчына даслаў дзяўчыне некалькі сэлфі з пратэсту ў праграме для знаёмстваў. Напісаў, што ўнутры будынка таксама пабываў. Дзяўчына здала яго ФБР.

Праваахоўнікі праверылі запісы з камер назірання і на самай справе разгледзелі мужчыну ўнутры Капітолія. Аказалася, ён удзельнічаў у пагромах і нападаў на паліцэйскіх.

І няхай бы гэта быў першы выпадак. Увесну жыхар Нью-Ёрка зрабіў тое самае. Пахваліўся дзяўчыне, што штурмаваў Капітолій, а яна напісала, што яны "не падыходзяць адно аднаму". А потым напісала пра гэта і ў ФБР.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.