Вы тут

У Швейцарыі легалізавалі аднаполыя шлюбы, а ў Сан-Марына дазволілі аборты

Аднаполыя пары ў Швейцарыі змогуць усынаўляць дзяцей і карыстацца паслугамі сурагатных маці​ / Reuters

Рэферэндумы прайшлі ў мінулыя выхадныя ў шэрагу еўрапейскіх краін. У Швейцарыі легалізавалі аднаполыя шлюбы. За тое, каб дазволіць аднаполым парам рэгістраваць шлюбы, прагаласавалі 64,5% грамадзян, якія прыйшлі на ўчасткі.

Да гэтага часу аднаполыя пары ў гэтай краіне маглі заключаць зарэгістраванае партнёрства. Гэта давала ім шэраг тых жа правоў, якія маюць у шлюбе гетэрасэксуальныя пары. Партнёры мелі права на спадчыну, маглі ўсынавіць або ўдачарыць дзіця іншага партнёра. Аднак да гэтага часу яны не маглі ўдачараць і ўсынаўляць чужых дзяцей і карыстацца паслугамі ЭКА або сурагатных маці. Цяпер у іх такія правы з'яўляюцца.

Швейцарыя стала 28 краінай свету і 16-й еўрапейскай краінай, дзе аднаполым парам дазволілі заключаць шлюбы.

Рэферэндум у выхадныя прайшоў і ў Сан-Марына. Мясцовым жыхарам прапанавалі выказацца з нагоды дзеючага закона, які забараняе аборты. Большасць — 77% — выказаліся за яго адмену.

Закон, які забараняе аборты нават у выпадку прамой пагрозы здароўю жанчыны, дзейнічае ў краіне з 1865 года. За яго парушэнне жанчыне пагражае ад шасці месяцаў пазбаўлення волі, а лекару, які зрабіў аборт, ад трох да шасці гадоў турмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.