Як палітыкі дзялілі іпэшнікаў: дзве акцыі ў адзін час і адным месцы

Як палітыкі дзялілі іпэшнікаў: дзве акцыі ў адзін час і адным месцы

Чарговую акцыю пратэсту прадпрымальнікаў хочуць правесці ў Мінску 14 сакавіка. Для гэтага ў Мінгарвыканкам падалі адразу дзве заяўкі: адну накіравалі кіраўнік аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка з палітыкам Мікалаем Статкевічам, другую — Аб'яднаная грамадзянская партыя на чале з Анатолем Лябедзькам.

Абедзве заяўкі — на адзін час і адно месца. Анатоль Шумчанка называе Лябедзьку “пасажырам”, які хоча ўскочыць у вагон “Перспектывы”.

"Пасажыр Лябедзька ўскоквае ў вагон "Перспектывы", на хвалю, якую мы стварылі, і хоча паехаць. Навошта гэта рабіць? Некаму ж могуць адмовіць. Навошта ён гэта робіць? Ён хоча, каб марш падтрымалі. Ён хоча сказаць, што ў панядзелак працоўныя, настаўнікі падтрымаюць марш?" — задаецца пытаннем лідар "Перспектывы" Анатоль Шумчанка.

Мікалай Статкевіч, які наведваў усе тры папярэднія акцыі прадпрымальнікаў, а пасля далучыўся да заяўкі Анатоля Шумчанкі на марш ІП таксама не разумее Анатоля Лябедзьку і пазіцыю АГП.

"Па законе аб масавых мерапрыемствах не дапускаецца правядзенне дзвюх акцый у адным месцы рознымі заяўнікамі. Улада можа абіраць, альбо дазволіць адну акцыю, альбо — ніводнай. Я ўжо заклікаў іх адклікаць заяўку. Гэта цалкам нечаканая і не абмеркаваная ініцыятыва АГП. Я не разумею ініцыятывы маіх паважаных калег", — выказваецца Мікалай Статкевіч.

Анатоль Лябедзька пры гэтым настойвае на "пашырэнні кола ўдзельнікаў", каб на акцыю прыйшлі розныя сацыяльныя групы.

"На сёння акцыі ІП пачынаюць затухаць. Гэта азначае, што прадпрымальнікам патрэбныя хаўруснікі: актывісты палітычных партый, грамадскія арганізацыі, студэнты, айцішнікі. Трэба пераходзіць ад канстатацыі лакальных праблем. Наш супольны інтарэс — змяніць эканамічную мадэль. Нашы намаганні скіраваныя на пашырэнне колькасці ўдзельнікаў. Заяўкі дзве, гэта зроблена наўмысна. Мы гатовыя і зняць заяўку, пакінуўшы за сабой права працаваць з людзьмі з розных сацыяльных катэгорый, каб яны ўзялі ўдзел. Але гэта, калі Шумчанка раптам не здыме заяўку, як ужо было. Я б хацеў, каб гэта быў крок да Дня волі", — адказвае Анатоль Лябедзька.

Раней у Мінску прайшлі тры акцыі прадпрымальнікаў. Калі першая з іх сабрала больш за 300 удзельнікаў, то на апошняй было не больш за 200 чалавек, прычым, іпэшнікаў сярод іх былі адзінкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі