Як Лукашэнка адпачывае ў Сочы

На мінулыя выходныя беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка разам са сваёй сям’ёй прыехаў на курорт у Красную Паляну. У суботу там адкрываўся беларускі аздараўляльны комплекс, які будаваўся на
знакамітым курорце
некалькі год.

Як паведамляе “КП Кубань”, комплекс займае два гектары зямлі і на яго тэрыторыі размешчаныя гасцініца на 30 двухмясцовых нумароў, спартовая і трэнажорная залы і, вядома ж, усё неабходнае для лыжнага спорту.


Цікава тое, што мясцовыя
жыхары адпачываць там не змогуць, бо пабудавана
гэта ўсё выключна для
беларусаў. Разам з Лукашэнкам на
адкрыццё комплексу прыехала амаль 50
чалавек.


На якіх крытэрыях выбіраліся прадстаўнікі беларускай
дэлегацыі, мы спыталіся ў спявачкі Ірыны Дарафеевай, якая таксама знаходзіцца
зараз у
Краснай Паляне:

У складзе дэлегацыі прысутнічаюць і спартоўцы, і дзеячы
мастацтва, і журналісты, проста ёсць людзі, здольныя годна прадставіць Беларусь
на любым дзяржаўным узроўні.


А ўлічваючы, што тут адбывалася адкрыццё
спартовага комплексу “Беларусь”, прыехалі і тыя, хто забяспечыў мерапрыемства
якаснай канцэртнай праграмай, тым больш у маім рэпертуары шмат беларускіх
нацыянальных песень”.


Падчас размовы Ірына нам
расказала, як адпачывае беларуская дэлегацыя:


“Хто як! Асноўныя выступы ўжо адбыліся, плануецца яшчэ
толькі адзін канцэрт, таму ў нас з’явілася магчымасць стаць на лыжы.


Я тут
баўлю час з беларускай біятланісткай Алёнай Зубрылавай і алімпійскім чэмпіёнам
Сяргеем Булыгіным, і ўжо на лыжах у мяне нават нешта стала атрымлівацца, горы пачалі
мне пакарацца.


Гэта вялізная заслуга нашага прэзідэнта, што ён сам такі
спартыўны, і нас ўсіх накіраваў да спорту. Усе, хто прыехаў у складзе
дэлегацыі, сталі на лыжы, і, на мой погляд, абыякавых да лыжаў людзей сярод нас
ужо няма”.


Вядома ж, мы зацікавіліся, ці
вучыў каго-небудзь катацца на лыжах сам Лукашэнка:


“Не такога не было, таму што зусім іншы ўзровень. Ён
прыехаў са сваёй сям’ёй, таму, я думаю, ён мае права на свой адпачынак. Наша
задача, можна сказаць, на ўзроўні канцэртаў, і не дай бог напружваць яго такімі
заняткамі”.


Улічваючы звычайныя вынікі
“Беларускай лыжні”, нам стала цікава, хто, на погляд Ірыны, лепш за ўсіх стаіць
на лыжах:


“Я не ведаю. Кожны займаецца па сваёй праграме і са
сваімі інструктарамі, таму лепш за ўсіх, на мой погляд, катаюцца нашыя
лыжнікі”.


Ірына нам паведаміла, што
магчымасцяў сустракацца з прэзідэнтам у неафіцыйных абставінах няма, але ёсць
напаўафіцыйныя абеды разам з усёй беларускай дэлегацыяй. Менавіта на іх кожны
можа паразмаўляць з Лукашэнкам. Спявачка падзялілася з намі сваімі ўражаннямі
ад такіх сустрэч:


“Як вы разумееце, гэтых сустрэч дастаткова, каб натхніцца
на новую працу. І я вельмі ўдзчная, што з’явілася такая магчымасць кантактаваць
з такімі цікавымі, таленавітымі людзьмі, кожны з якіх у сваёй сферы дзейнасці
сябе максімальна праявіў”.


Дадам, што Аляксандр Рыгоравіч
вырашыў працягнуць традыцыю рабіць падарункі. Але ў адрозненне ад шматка сала
падчас апошняй сустрэчы з Дарафеевай, ён падарыў кожнаму прадстаўніку дэлегацыі
бутэльку мясцовага бальзаму і мёд.


Дарэчы, Ірына пераканала нас, што кожны
вырашыў захаваць гэтыя падарункі і прывесці ў Мінск. Па інфармацыі “КП Кубань”,
недалёка ад агульнага будынку на тэрыторыі комплексу стаіць невялікі дом з
драўлянай лазняй, у якім, па чутках, будзе жыць сам беларускі прэзідэнт падчас
сваіх візітаў у Сочы.


Нагадаю, што Лукашэнка разам з сям’ёй і дэлегацыяй будуць
адпачываць у Сочы да пятніцы.


Фота — “КП—Кубань”