Як Крэмль можа ў будучыні прымусіць Ціханоўскую пайсці на палітычныя саступкі?
На фоне палітычнага крызісу ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пад канец 2021 года падпісваюць інтэграцыйныя “дарожныя мапы”. А што цяпер? Як далёка можа зайсці Крэмль у спробе аб’яднацца з “малодшым братам” і ці хочуць гэтага беларусы?
— Станам на сёння гаворка пра сацыялогію ў беларускіх умовах досыць дзіўная, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё эксперт украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч. — Калі размова ідзе пра замеры стаўлення беларусаў да інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, то Chatham House [брытанскі аналітычны цэнтр. — Еўрарадыё], які заангажаваны ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, афіцыйная беларуская сацыялогія, якая заангажавана ў лічбы, карысныя Аляксандру Лукашэнку, і “ВЦИОМ”, структура, якая абслугоўвае Крэмль, — усе тры групы даследаванняў даюць прыблізна аднолькавыя лічбы. Больш за 60 адсоткаў насельніцтва Беларусі не жадаюць палітычнага збліжэння з Расійскай Федэрацыяй.
Больш гандлю? Калі ласка. Няма межаў? Калі ласка. Размовы пра інтэграцыю? Без праблем. А вось палітычна ў адну дзяржаву з наднацыянальнымі органамі — даруйце, але без нас. Пры такой сацыялогіі немагчымае “праглынанне” ці анексія. З іншага боку, колькасць прыхільнікаў “рускага міру” і яднання з РФ дастаткова істотная, але яна падае.
Якія стратэгічныя крокі ў гэтай сітуацыі будзе рабіць Крэмль?
— Для Расійскай Федэрацыі важна захаваць узровень рэзка прарасійскіх настрояў, пажадана іх пашырыць, — кажа эксперт. — Важна зрабіць выхад на эліты, стварыць на беларускім кірунку альтэрнатыву Лукашэнку. Не для таго, каб змяніць, а для таго, каб можна было прымаць рашэнні і ў тым ліку больш ціснуць на самога Лукашэнку.
Згадвае Ігар Тышкевіч і “крэдытную пастку”, у якой апынулася Беларусь.
— Станам на сёння Расія спрабуе ўвайсці ў эканоміку [Беларусі. — Еўрарадыё]. Расія будзе актыўна ісці на рэфінансаванне знешняга доўгу. У нармальных умовах выплаты Расіі расцягнуты роўнай колькасцю па досыць доўгім часе. А калі паглядзець на ўмовы рэфінансавання даўгоў, на якія Расія ідзе з 2020 года, то пікі выплат пачынаюцца з 2024 па 2026 год.
Пратэрмінаванне выплат па некаторых дамовах можа спрычыніць выстаўленне ўсяго цела доўгу да тэрміновай аплаты. І Расія фактычна рыхтуецца, што нават пры ўмове змены Лукашэнкі на ўмоўную Ціханоўскую ці Латушку будзе 2-3 гады, калі Рэспубліка Беларусь, як дзяржава, вымушана будзе плаціць багата і адначасова толькі аднаму крэдытору — Расійскай Федэрацыі. Тады Расія паставіць умовы крэдытнай палёгкі і завяжа іх [новае кіраўніцтва Беларусі. — Еўрарадыё] на палітычныя саступкі, — падсумоўвае эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.