Вы тут

Як дармаеды ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў

Фота: Яўген Шапашнікаў.

Амаль два гады таму дзяржава падзяліла беларусаў на "нармальных" і "дармаедаў". Першыя "ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў" і могуць спаць спакойна, другія — не, і таму абавязаныя заплаціць збор — 360 рублёў.

Згодна з дэкрэтам №3, "удзелам у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў" дзяржава прызнае толькі падаходны падатак (з фізічных асобаў), адзіны падатак (з ІП) і падатак па спрошчанай сістэме падаткаабкладання (з тых, хто мае права яго плаціць). Хто жыве ў Беларусі і не плаціць хаця б 360 рублёў гэтых падаткаў у год, той "дармаед". На думку эканаміста Леаніда Заікі, чыноўнікі не маюць рацыі:

"Паступленні ў бюджэт ідуць ад падатку на дададзеную вартасць. Гэта за кошт таго, што прадукцыя ствараецца і рэалізуецца ў крамах. Людзі набываюць соль, запалкі. Нехта яхты набывае. Усё гэта ўключаецца. То бок, я б пагадзіўся з дэкрэтам, дзе заклікаюць плаціць нейкія грошы толькі беларусаў, якія нічога не ядуць і нічога не п'юць", — кажа эканаміст.

Пазіцыю дзяржавы ў адказ на пытанне Еўрарадыё тлумачыць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава:

"Можна пад сафінансаваннем палічыць усё што заўгодна. І пакупку тавараў у краме. Але мы кажам пра іншыя выпадкі. І не выпадкі, а пра іншыя, так скажам, моманты, вельмі важныя ў жыцці нашай краіны. Тое, што сёння робіцца ў нашай краіне і не робіцца ў іншых дзяржавах. Вось вы вазьміце такую развітую краіну, як Швецыя. Там уся вышэйшая адукацыя — платная. Абсалютна ўся. Таму тут, разумееце, трэба падыходзіць больш сур'ёзна".

Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта

Але мы падыходзім абсалютна сур'ёзна, сур'ёзней няма куды. Калі мы набываем у краме бульбу, калі аплачваем газ па жыроўцы, калі кладзем грошы на мабільны тэлефон, у бюджэт з нашай кішэні пералічаецца падатак на дададзеную вартасць.

Калі мы добра зразумелі Наталлю Іванаўну, дык беларуская дзяржава за кошт збору з "дармаедаў" збіраецца фінансаваць нейкія выдаткі, якія ў іншых дзяржавах не існуюць. Але, па-першае, на гэтыя ж мэты ідзе і ПДВ. А па-другое, калі шчыра, беларусы не ведаюць, як насамрэч размяркоўваюцца бюджэтныя грошы.

"Фінансаванне якіх выдаткаў? — перапытвае Леанід Заіка. — Ці ведаюць людзі, колькі ў нас выдаткоўваецца на добраўпарадкаванне вуліц? Ці ведаюць людзі, колькі грошай патрачана на будаўніцтва атамнай станцыі? Людзі абмяркоўваюць гэта? Ніколі не абмяркоўвалі, гэта закрытыя тэмы".

927,5 рубля за год. З кожнага беларуса

Мы вырашылі вылічыць, колькі сярэдні беларус плаціць падатку на дададзеную вартасць. Разлікі прыкладныя, бо актуальная статыстыка часам недаступная. Але ўсе супадзенні з рэальнасцю невыпадковыя!

Белстат збірае звесткі пра тое, колькі грошай і на што траціць за месяц адна хатняя гаспадарка:

на харчаванне ― 40,6% ад усіх грошай, якія ёсць у сям'і;
на нехарчовыя тавары ― 33%;
на алкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы ― 3,2%;
на аплату паслуг сувязі ― 4,7%.

Паводле таго ж Белстата, у адной хатняй гаспадарцы у Беларусі жыве ў сярэднім 2,4 чалавека. Грашовыя даходы ў разліку на душу насельніцтва ў сярэднім — 490 рублёў за месяц. То бок, даход адной хатняй гаспадаркі ў сярэднім складае 1176 рублёў за месяц.

Вылічваем ПДВ, які сям'я сплачвае, калі набывае:

прадукты харчавання (40,6%) = 470,4, а з іх ПДВ 20% = 94,08 рубля;
нехарчовыя тавары (33%) = 388,08, з іх ПДВ 20% = 77,6 рубля;
паслугі сувязі (4,7%) = 55,27, з іх ПДВ 25% = 13,82 рубля.

Тут мы не можам падлічыць акцызы і ПДВ, якія сплачваюць спажыўцы паліва, алкаголю і тытуню. Па некаторых адзнаках, кошт акцызу можа дасягаць паловы ад кошту літра бензіну.

Атрымліваецца, за месяц хатняя гаспадарка плаціць не менш за 185,5 падатку на дададзеную вартасць. Дзелім на 2,4 — атрымліваем 77,3 на чалавека. Памнажаем на 12 месяцаў і атрымліваем 927,5 рубля за год. З кожнага беларуса. Гэта ў 2,5 раза больш, чым тыя 360 рублёў, якія дзяржава вырашыла спаганяць з "дармаедаў".

Трэба зрабіць невялічкую папраўку на тавары і паслугі, стаўка ПДВ на якія меншая за 20%. Але такіх не шмат.

Нашая выснова

Тыя, каго дзяржава залічыла ў "дармаеды", фінансуюць яе выдаткі, ды яшчэ як. Пагодзімся: беларусы, якія не атрымліваюць афіцыйнага даходу, не плацяць і падатку на прыбытак. Менавіта яго, называючы "зборам на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў", і імкнецца спагнаць з "дармаедаў" дзяржава. Але падатковая інспекцыя заўжды палюе на тых, хто не плаціць падаткі. Толькі вось шукаць іх цяжка. Нашмат прасцей запісаць усіх у "сацыяльныя ўтрыманцы", нягледзячы на тое, што дзяржава ўтрымліваецца ў тым ліку і за іх кошт.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі