Як беларусы эканомяць на забавах ў крызіс

19 снежня 2014 года ў краіну нечакана прыйшоў чарговы крызіс. Валюта на некаторы час знікла з вольнага продажу, людзі падчысцілі паліцы з тэлевізарамі. Праз месяц афіцыйны курс рубля параўняўся з неафіцыйным і вырас з 11 да 15 тысяч. Заробкі ў сваёй масе застаюцца ранейшымі. Новы урад сцвярджае, што значна расці яны ў бліжэйшы час не будуць.

“Кліентаў стала менш на 30%”

“Параўнаць, вядома, цяжка, як было летам і цяпер. Але людзей у нас у боулінгу заўважна менш стала. На траціну недзе”, — кажа Вольга, адміністратар у клубе “Боулінг-хаўз”. Падзенне наведвальнасці тут заўважылі пасля навагодніх святаў. Акрамя гэтага, і так невялікая колькасць наведвальнікаў цяпер у сярэднім пакідае менш грошай. Людзі замаўляюць таннейшыя напоі і ежу. Пераадольваць крызіс у боўлінг-клубе стараюцца рознымі спосабамі. Адміністратар расказвае, што кіраўніцтва стараецца не павышаць кошты, прапаноўвае акцыі і зніжкі для студэнтаў. Аднак працуе гэта ўсё пакуль не вельмі. “У людзей няма грошай на забавы”, — расказваюць у клубе.

Крызіс закрануў усю сферу забаваў

“Ну вядома, што мы адчуваем крызіс, вы што. І спад не толькі ў нас, спад ва ўсіх пейнтбольных клубаў. Ва ўсіх нашмат менш кліентаў”, — распавядае Павел з клуба “УФО”. Ён дадае, што тое самае мне скажуць у любой забаўляльнай установе. Ад дзіцячага ціра, да пафаснага караоке-клуба. На думку Паўла, спрагназаваць вынікі крызісу для такога бізнесу вельмі цяжка. Прыбыткі, вядома, рэзка знізіліся. Але ці ударыць ён па разнастайных клубах настолькі, каб яны пазачыняліся, можна будзе меркаваць толькі бліжэй да восені.

Клубы вымушаныя зніжаць кошты

У картынг-клубе “Фарсаж” таксама скардзяцца на крызіс. Менш кліентаў, ніжэйшыя рахункі, людзі праводзяць у клубе менш часу. “У нас 10 хвілін заезду заўсёды каштавалі каля 10 долараў. Так паўсюль па горадзе было да зімы. Увосень усюды кошты былі ў раёне 100 тысяч за заезд. Цяпер трымаем 120, каб людзі хаця б зусім не перасталі хадзіць. Да 150 тысяч калі падымем, каб было зноў 10 долараў, то ніхто не прыйдзе”, — расказваюць у клубе.

Салоны прыгажосці выжываюць за кошт танных паслуг

У салонаў прыгажосці таксама справы не лепшым чынам. Даходзіць да таго, што яны выжываюць дзякуючы… мужчынам. Яны стрыгчыся прыходзяць рэгулярна, раз на месяц. А вось на жаночай прыгажосці цяпер зарабіць складаней, скардзяцца у мінскім салоне In Style: “Значна менш цяпер замоваў, людзі робяць толькі самыя неабходныя працэдуры, без якіх зусім ніяк. Прычым, адмяняць запіс па прычоскі і працэдуры пачалі літаральна ў той самы дзень, калі абваліўся рубель”. Выжываюць салоны прыгажосці цяпер выключна за кошт старых кліентаў, гавораць, што крызіс перажывуць толькі тыя, хто даўно працуе ў сферы. У новаадчыненых салонаў шансаў выжыць ва ўмовах крызісу зусім няшмат.

А высокую культуру крызіс пакуль не кранае

Але не ўсюды справы ідуць настолькі дрэнна. У касах Тэатра оперы і балета расказваюць, што крызісу на сабе пакуль не адчулі. Людзі як раскуплялі самыя дарагія квіткі, так і раскупляюць. “У нас квіткі ў продаж паступаюць за шэсць месяцаў. Кошты ад 30 тысяч да 500. Ёсць і за 700 тысяч у ложах. І пакуль мы не адчулі нейкага спаду ў колькасці гледачоў. Попыт на квіткі да нас пастаянны і не змяняецца”, — расказваюць у тэатры. І прыводзяць нядаўні выпадак, калі квіткоў на святочную праграму да 8 сакавіка усім ахвочым не хапіла нягледзячы на не самы нізкі кошт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі