Як адысці пасля навагодняй ночы?

З такім актуальным пытаннем Еўрарадыё звярнулася да спецыяліста

“Лепш не піце столькі, каб пасля прыйшлося адыходзіць”, - вось адказ лекара на традыцыйнае пытанне, як змагацца з пахмеллем пасля святкавання Новага года. Але гэта не пра нашых людзей. Таму большасць спачатку адрываецца па поўнай праграме, а пасля звяртаецца да народных метадаў: кефіру, расолу, салёных гуркоў.

Еўрарадыё спыталася па парады ў загадчыцы аддзялення наркалагічнага цэнтра Таццяны Ляхновіч. Яна ўпэнена, калі правільна і граматна піць, тады не прыйдзецца змагацца з пахмеллем. Галоўнае, не ўжываць газіраваныя напоі, танныя віны кшталту “Крыжачок” і, што самае важнае, не дадумацца пахмяляцца на наступны дзень!

Таццяна Ляхновіч: Калі вы сядаеце за стол, не трэба піць на галодны страўнік. Павінен быць дастаткова шчодры прыём ежы, пажадана тлустай для таго, каб сценкі страўніка абвалакваліся тлушчам і алкаголь менш засвойваўся. Калі выпілі, трэба добра закусіць і старацца пасля кожнай чаркі - для таго, каб не развезла. Канешне, не трэба змешваць спіртныя напоі. Калі п’яце шампанскае, тады піце толькі шампанскае; калі віно - тады толькі віно. І, безумоўна, піць толькі добрыя, якасныя віны.

З народным выказваннем, што трэба піць напоі па меры павышэння градуса, спецыяліст не згодна. Яшчэ Таццяна Ляхновіч рэкамендуе піць шампанскае толькі пасля таго, як з яго выйдуць усе газы, але такой парадай наўрад ці хто скарыстаецца. Асабліва ў навагоднюю ноч.

Самая распаўсюджаная памылка — здымаць сіндром пахмелля півам і ўвогуле яго ўжываць.

Таццяна Ляхновіч: У піве ўтрымліваецца нашмат больш кампанентаў, чым у гарэлцы. Гэтыя кампаненты ў піве выклікаюць эфект прыгнечанасці (пришибленности). Калі браць, напрыклад, людзей, якія выпілі піва, у іх заўсёды тупы выгляд твару, усё-ткі пасля гарэлкі такога няма.

Калі пахмелля ўсё ж такі не пазбегнуць, тады лепш за ўсё прыняць кантраставы душ ці ванну з алеем лаванды, хвоі, мелісы. Яны адцягваюць увагу чалавека ад непрыемных думак, але, па словах лекара, такі спосаб не для сапраўдных алкаголікаў: ніякая ванна з прыбамбасамі не зможа іх расслабіць, бо ў галаве круціцца толькі адна думка: дзе можна выпіць?

Ёсць яшчэ некалькі метадаў, як дапамагчы сабе пасля бурнай радасці.

Таццяна Ляхновіч: Лепш за ўсё адкрыць мінеральную ваду і выпусціць з яе газы. І піць гэтую вадзічку без газаў. Можна выпіць моцную гарбату, а вось кава не рэкамендуецца: яна стымулюе арганізм. Як бы ні было смешна, але яшчэ рэкамендуецца расол, квашаная капуста, можна разбавіць шыпучы аспірын: ён добра здымае пахмельны сіндром. Нашыя пацыенты ў вялікай колькасці прымаюць аскарбінавую кіслату.

Тым, хто хоча на наступны дзень быць як гурок, прыйдзецца задумацца яшчэ напярэдадні свята, якія напоі і ў якой колькасці ўжываць.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі