Ягор Лебядок: "Гэта стандартны накат, які спыняе толькі вайна"

Сілавікі на нядзельным маршы 8 лістапада / Еўрарадыё
Сілавікі на нядзельным маршы 8 лістапада / Еўрарадыё

Ваенны эксперт Ягор Лебядок лічыць, што калі раней ад рэпрэсій і палітычнага тэрору магло выратаваць маўчанне, то цяпер для гэтага трэба дэманстраваць лаяльнасць і выказваць сваю згоду. Гэта закранае вялікае кола народных мас, а з імі ўсімі справіцца Аляксандр Лукашэнка не зможа. Пра сітуацыю ў Беларусі эксперт разважаў у стрыме Еўрарадыё.

— Мы некалькі перадач назад абмяркоўвалі з вамі такую тэму, што Лукашэнку няма чаго прапанаваць, таму гэты трэш інфармацыйны на тэму змоў будзе працягвацца. У гэтым сэнсе нічога новага не адбылося. Проста дадалася фактура, скажам так. На мой погляд, больш важна тое, што прапусцілі міма вушэй, а Лукашэнка гэта паўтарыў, двойчы ці тройчы. Гэта фраза ў розных варыяцыях, але прыблізна такая: "Калі пасля таго, як мы ўсё паказалі і расказалі, людзі не зразумелі, то гэта не непаразуменне, гэта ворагі". І вось такую фразу ён сказаў некалькі разоў.

То-бок фактычна гэта была дадзена такая татальная пазіцыя. Гэта быў пік, гэтаму папярэднічалі часткова перадачы на СТБ пра тое, што лібералізм — неразуменне, што гэта дрэнна. У "Мінскай праўдзе" і астатніх газетках ужывалі тэрмін "шостая калона". То-бок гэта пра людзей, якія настроены на ліберальныя ідэі і сумняваюцца ў праўдзівасці метадаў, якія прымяняе Лукашэнка. Гэта значыць, тэрор уласнага народу, застрашванне яго, груба кажучы. І вось такія метады: хто не прымае, той, па сутнасці, шостая калона. Ці ворагі, як сказаў Лукашэнка прасцей. Вось гэта была, на мой погляд, квінтэсэнцыя ўсяго таго, што было сказана.

Эксперт мяркуе, што гэта не завяршальны этап. Што калісьці "зачысцілі сілавікоў", цяпер такая рыторыка ідзе на дробных кіраўнікоў і спецыялістаў, якія ў канчатковым выніку выконваюць усе рашэнні. Цяпер этап накіраваны на людзей, без якіх сістэма функцыянаваць не можа, і дзе яны павінны быць усе правераныя. 

— Тут дарэчы ўспомніць Сталіна, у яго артыкуле пра гістмат, дыямат ["дыялектычны матэрыялізм" і "гістарычны матэрыялізм". — Еўрарадыё]. Ён казаў, што Ленін і бальшавікі не пайшлі за большасцю — сялянамі. Яны павялі адносную меншасць, свядомых рабочых, а тыя ў сваю чаргу павялі большасць — сялян.

Дык вось, атрымліваецца, свядома ці падсвядома Лукашэнка якраз хоча пагрозу ліквідаваць — дамагчыся максімум лаяльнасці тых, хто на месцах і ў сярэднім кіраўнічым звяне рэалізуе яго метады кіравання, рашэнні і законы. Гэта, па сутнасці, тое, што было абвешчана.

Там яшчэ прагучала "я даў каманду на зачыстку ўсёй краіны", але незразумела, да каго гэта ўсё адносілася. Цяпер недастаткова маўчаць, цяпер трэба выказваць сваю лаяльнасць. Я маю на ўвазе перш за ўсё вертыкаль, а потым, вядома, гэта дойдзе да людзей. Недастаткова ўжо будзе проста "адмаўчаўся" і "ну можа быць нешта не так". Не, ты ўжо павінен быць татальна лаяльны. 

Да чаго гэта прыводзіць?

— Зразумела, што спачатку вертыкаль, а потым пойдзе па людзях. Лукашэнка па сутнасці зніжае планку задзейнічання актыўнасці, ён усё больш і больш зацягвае масы ў палітычную актыўнасць. Вось гэтыя славутыя "непалітычныя", якія былі — і якія насамрэч былі, —  калупаліся ў сваёй пясочніцы, а тут хоба-на — у іх пясочніцу ўлазіць і кажа: "Падніміце нос, паглядзіце".

Гэта мы бачым і ў малітвах, і ў рэгуляванні спартыўных мерапрыемстваў, і цяпер, упэўнены, будуць нейкія нармалізацыі па выпускных, класных сходах. Цяпер уся гэтая махіна будзе больш-больш-больш тычыцца людзей. І што гэта робіць? Фармуе крытычную масу, неабходную для змены ў грамадстве. Вось гэта тое, што трэба да рэвалюцыі.

Яе ў чэрвені-жніўні яшчэ фактычна не было. Таму самы галоўны арганізатар вось гэтага ўсяго, змены ў грамадстве — Лукашэнка сам. І самага галоўнага арганізатара ГУБАЗіК ніколі не пасадзіць, самі ведаеце чаму.

Да чаго гэта будзе прыводзіць: чым больш масы закранаюцца — а паколькі цяпер няма нейкай пазітыўнага парадку дня, няма магчымасці ім "чарку і скварку" даць у бакальчыку прыгожым, таму што "грошыкаў, прабачце, няма", — прыйдзецца зноў жа іх палохаць. То-бок з аднаго боку можна было лічыць, што мы паказалі гэта, калі вы не верыце, то вы ворагі, Гэта кажа пра тое, што нам больш не трэба вось гэтага трэшу, якім запалохваюць: "ЕС, вайна, тэракты". 

Зрэшты, на думку Лебядка гэта не зменіць баланс сіл, а наадварот, паспрыяе таму, што ўлада не зможа ўтрымаць той паток, які сама вымушаная будзе ствараць.

— З аднаго боку, можна было б інтэрпрэтаваць і, магчыма, такая думка ёсць: "Мы вам усё паказалі, калі вы не верыце — ну сядзьце, ну з'едзьце, ну звальняйцеся". Але нават калі такая думка ёсць, яна ўсё роўна не атрымаецца. Гэты трэш будзе нарастаць. А спыніцца ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё.] не можа сам па сабе, але калі яму скажуць спыніцца, вытрымаць паўзу — ён ужо не зможа.

І ззаду яго штурхаюць, і сябар-сусед Вова капае ямачку. Ужо стаяць і спыніцца, на жаль, у яго няма магчымасці, як было ў тым жа сакавіку. І гэта прывядзе да таго, што зноў гэты вал застрашвання і вал усялякіх тэрактаў, рэальных або віртуальных, будзе нарастаць. Гэта ўжо пайшоў ком, які спыніць ён не ў сілах.

— Гэта значыць, што мы кожны тыдзень будзем чуць расповеды як на мінулым тыдні?

— Ну, тыдзень не тыдзень, але гэта адназначна будзе. Таму што ў прынцыпе нічым іншым утрымаць масы не застанецца. Іх стане больш, выклікаў стане больш. Таму што да гэтага ты быў прыстасаваны: удзельнічалі айцішнікі, вось яны крэатыўныя, вось яны рабілі гэтак.

А цяпер будуць дзейнічаць, напрыклад, інжынер слясарнай цэха, у яго свае крэатыўныя. І вось гэтая форма выказвання стане яшчэ больш, а адпаведна, раз ты яшчэ больш не кантралюеш, табе яшчэ больш захочацца ціснуць. І гэта стандартны накат, які спыняе толькі вайна, па вопыце Савецкага Саюза. Альбо гітлераўскай Германіі, па іншаму гэта ніяк не спыняецца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі