Вынікі перамоў у Маскве: пагадненне аб пастаўцы газу працягнулі да 2021-га

Вынікі перамоў у Маскве: пагадненне аб пастаўцы газу працягнулі да 2021-га

31 снежня ў Маскве праходзілі беларуска-расійскія перамовы па ўмовах пастаўкі ў нашу краіну ў 2020 годзе прыроднага газу. У іх удзельнічалі беларускі пасол у Расіі Уладзімір Сямашка, міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, старшыня праўлення "Газпраму" Аляксей Мілер і яго намесніца Алена Бурмістрава. За дзве гадзіны да Новага года БЕЛТА паведаміла пра падпісанне пратаколу аб цэнах на газ на студзень-люты 2020-га (у 2019-м расійскі газ пастаўляўся ў Беларусь па цане 127 долараў за тысячу кубаметраў). Таксама былі прынятыя дадаткі да кантрактаў на транзіт і пастаўку газу, якія іх працягваюць да 2021 года.

Згаданы пратакол паміж "Газпрамам" і беларускім урадам падпісалі Сямашка і Мілер (на здымку). Прэс-служба "Газпраму" інфармуе, што "кантрактныя аб'ёмы паставак і транзіту ў 2020 годзе захаваны на ўзроўні 2019 года".

31 снежня афіцыйны Мінск прыклаў значныя намаганні для вырашэння пытання і з пастаўкамі нафты. Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой даручыў тэрмінова арганізаваць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У яго былі размовы з Уладзімірам Пуціным і Дзмітрыем Мядзведзевым. Лукашэнку давялося асабіста размаўляць па тэлефоне з міністрам энергетыкі Расіі. У выніку было заяўлена, што дасягнута дамоўленасць аб пастаўках расійскай нафты без кантрактаў, якія ў 2019-м падпісаць не паспелі. Праца над дакументамі працягнецца, інфармуюць у расійскім урадзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі