Вы тут

Лукашэнка даручыў пачаць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты

Нарада ў Лукашэнкі / БЕЛТА

31 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную пастаўкам у Беларусь расійскай нафты. На ёй прысутнічала кіраўніцтва нафтахімічнага комплексу нашай краіны. Як інфармуе president.gov.by, гэта была рэакцыя на тэлефонныя размовы беларускага кіраўніка з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якія адбыліся ў панядзелак і аўторак. Падчас іх абмяркоўвалася пытанне нафты. Калі 30-га тэлефанаваў Лукашэнка, дык 31 снежня — Пуцін. Неўзабаве інфармагенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што Расія з-за адсутнасці дамоўленасцяў з Беларуссю з 1 студзеня можа спыніць пастаўкі нафты. Сённяшняя нарада ў Лукашэнкі гэтую інфармацыю пацвярджае.

Па выніках нарады старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў паведаміў рашэнні. У бліжэйшыя гадзіны мусяць быць завершаныя перамовы гаспадарчых суб'ектаў Беларусі і Расіі, ды заключаныя кантракты на пастаўкі расійскай нафты ў 2020 годзе. Падкрэсліваецца, што гэта робіцца "з мэтай забеспячэння бесперапыннай працы двух нафтаперапрацоўчых заводаў" (паводле нафіцыйнай інфармацыі, на прадпрыемствах пачалі рабіць запасы сыравіны і зніжаць загрузку вытворчасці).

Reuters прагназавала, што калі дамовіцца ўдасца, збою ў графіку паставак нафты ўжо не пазбегнуць. Таму не дзіўна, што Лукашэнка даручыў забяспечыць у бліжэйшыя дні пастаўкі нафты "з альтэрнатыўных крыніц". Найперш гаворка ідзе пра пастаўкі па чыгунцы з партоў краін Балтыі. Для альтэрнатыўных паставак плануецца задзейнічаць і нафтаправод "Дружба".