Вы тут

Выкананы яшчэ адзін смяротны прысуд — расстралялі Аляксандра Жыльнікава

TUT.by

У Беларусі выкананы яшчэ адзін смяротны прысуд: праваабаронцам стала вядома, што расстралялі Аляксандра Жыльнікава, асуджанага па справе аб забойстве хлопца і яго дзяўчыны ў Мінску.

Як адзначае dp.spring96.org, пакуль невядома лёс другога фігуранта гэтай справы — Вячаслава Сухаркі, аднак практыка паказвае, што звычайна адразу расстрэльваюць фігурантаў адной справы.

30 траўня на спатканні з Аляксандрам Жыльнікавым была яго адвакатка і падчас гэтай сутрэчы складала разам са сваім падабаронным скаргу ў Генпракуратуру на разгляд справы па зноў адкрытых абставінах. Сёння, 13 чэрвеня адвакатка зноў прыйшла ў СІЗА №1, каб працягнуць працу па скарзе, але ёй паведамілі, што Жыльнікаў "адбыў па прысудзе" і пацвердзілі, што ён расстраляны.

Афіцыйнае пацверджанне ад выкананні прысуду накіруюць сваякам з Мінскага гарадскога суда згодна з працэдурай.

Цяпер у Камітэце ААН па правах чалавека на разглядзе знаходзіцца  індывідуальны зварот Аляксандра Жыльнікава, які быў зарэгістраваны 24 снежня 2018 года за нумарам 3082/2018.

Камітэт звяртаўся да ўладаў Беларусі з просьбай  прыняць тэрміновыя меры і не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту асуджанага Камітэтам.

У снежні 2015 года ў Мінску былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Былая сяброўка маладога чалавека, выхацелька дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і вырашыла правучыць саперніцу. Выканаўцы (Вячаслаў Сухарка і Аляксандр Жыльнікаў) замест таго каб проста збіць, забілі насмерць дваіх чалавек. Адразу пасля затрымання стала вядома, што мужчыны таксама датычныя да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму з іх.

Жыльнікаў спачатку атрымаў пажыццёвы тэрмін, але пасля паўторнага разгляду справы Мінскім гарадскім судом прысуд быў заменены на смяротнае пакаранне. Апошняя інстанцыя на нацыянальным узроўні пакінула прысуд без зменаў, а скаргу без задавальнення. Пасля гэтага асуджаны з дапамогай праваабаронцаў накіраваў індывідуальны зварот у КПЧ ААН. 

Чарговы расстрэл адбыўся напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, нягледзячы на тое, што заходнія краіны неаднаразова заклікалі Беларусь адмовіцца ад смяротнага пакарання.