"Вясна": працэс па "справе Ціханоўскага" можа пачацца наноў

"Вясна": працэс па "справе Ціханоўскага" можа пачацца наноў

Суддзя Мікалай Бакуноў, які разглядае "справу Ціханоўскага", прызначаны на іншую пасаду. У выніку судовы працэс па гэтай справе можа пайсці спачатку, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Суд над палітвязнямі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым доўжыцца ў гомельскім СІЗА ўжо амаль тры месяцы.

Суд ідзе ў закрытым рэжыме, справу палітвязняў разглядае суддзя Мікалай Бакуноў.

Між тым указам Аляксандра Лукашэнкі ад 7 верасня Бакунова вызвалілі ад пасады суддзі Гомельскага абласнога суда і прызначылі на 5-гадовы тэрмін суддзёй і старшынёй суда Чыгуначнага раёна Гомеля.

Бакуноў можа вырашыць пакінуць былую пасаду да заканчэння разгляду справы. Тады ў адпаведнасці з заканадаўствам судовы працэс над палітвязнямі давядзецца пачынаць наноў, адзначаюць праваабаронцы.

Ціханоўскага, Лосіка, Статкевіча, Цыгановіча, Сакава і Папова абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі