Вольга Кавалькова: мы можам ніколі не прыйсці да ўлады, але мусім дзейнічаць

Вольга Кавалькова / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Сёння ўсе сферы ў краіне знаходзяцца ў стагнацыі. І з Савецкага Саюза мы не выйшлі, — лічыць удзельніца прэзідэнцкай гонкі, лідарка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова. У пятым выпуску праграмы “Кандыdating” яна расказвае рэдактару Еўрарадыё Змітру Лукашуку пра абставіны, якія прывялі ў апазіцыю да ўладаў, пра сваё бачанне эканомікі, палітычныя амбіцыі, стаўленне да Расіі. 

 

Што прывяло ў апазіцыю

— Я ніколі не падтрымлівала палітыку дзейнай улады і Лукашенку асабіста. Я вырасла ў такой атмасферы. Але я працавала дзяржаўным служачым, я скончыла Акадэмію МУС. І ўсё роўна мае погляды былі заўжды апазіцыйнымі да ўлады. Я памятаю, калі я будавала кватэру, было з боку і чыноўнікаў, і дзяржаўных арганізацый шмат несправядлівасці ў дачыненні да людзей і будаўніцтва. Мы запрасілі “Белсат”, змагаліся за наш дом, было складана. Вось гэта быў першы крок, калі я стала змагацца за правы іншых людзей. Мне было 25 гадоў. 


Адкуль жаданне быць прэзідэнтам? 

— Гэта жаданне змяніць сітуацыю ў краіне. Мяне не задавальняе такая стабільнасць, бо напраўду яе, на жаль, няма. Няма магчымасці для развіцця чалавека. Няма магчымасці для развіцця бізнесу. Сёння ўсе сферы ў краіне знаходзяцца ў стагнацыі. І з Савецкага Саюза мы не выйшлі. Мы ў такім стане “саўковым” знаходзімся. Бо такая ўлада. Я не бачу пры гэтай уладзе магчымасці для паўнавартаснага камфортнага жыцця для сябе, для сваёй сям'і, таму вось такія амбіцыі ў мяне ёсць — змяненне ўлады.


Ці не сапсуе ўлада Вольгу Кавалькову?

— Я не ведаю. Давайце я прыйду да ўлады, і мы паглядзім. Але я досыць самакрытычны чалавек, які слухае, умее слухаць і прыслухоўвацца да людзей, чуць іншае меркаванне. І калі я чую нейкую крытыку ў свой бок, мне гэта нармальна ўспрымаць, абсалютна. Калі ўлада адкрытая, прэзідэнт адкрыты як чалавек сам па сабе, то, мне падаецца, гэта здымае шмат пытанняў. Зараз улада закрытая, проста не дагрукацца, ні з якога боку. Адарваная ад рэальнасці. Абсалютна.


Што рабіць з эканомікай Беларусі

— У мяне ёсць эканамічная адукацыя: я працую галоўным бухгалтарам. Калі гаварыць пра больш моцныя бакі, то я эксперт па сацыяльнай сферы, па рэфармаванні сацыяльнай сферы. Гэта пенсійная сістэма, ахова здароўя. 

У эканоміцы Беларусь мусіць адмовіцца ад адміністрацыйна-каманднай сістэмы. “Трэба нам пасеяць”, “Трэба нам вось тое, вось гэтае” — гэта ўсё мусіць застацца ў мінулым. Тое, што на паперы пішуць старшыні выканкама, — яно не адпавядае рэчаіснасці. Выконваюць паказчыкі. Такога не павінна быць, эканоміка павінна развівацца натуральна. У Беларусі вельмі шмат сфер, якія могуць даць добрыя вынікі. І ў нас добрае геапалітычнае становішча, якое дае нам магчымасць развівацца. Хоць у нас і не шмат рэсурсаў, якімі мы можам гандляваць, як, напрыклад, іншыя краіны, якія гандлююць нафтай і могуць сябе адчуваць больш эканамічна моцнымі, але...


Стратныя прадпрыемствы

— У нас так шмат дзяржаўных прадпрыемстваў, бо гэта палітычны момант. Аўтарытарнаму рэжыму выгадна, каб гэтыя прадпрыемствы былі дзяржаўнымі, бо так можна трымаць пад кантролем людзей, якія там працуюць. Гэта магчымасць уплываць, збіраць подпісы. Гэтыя прадпрыемствы трэба прыватызаваць.

Пару гадоў таму мне пісалі з Глыбоцкага мясакамбіната: “Вольга, такая сітуацыя, на нас павесілі некалькі калгасаў, мы павінны на іх выдаткоўваць шмат грошай”. Так робяцца стратнымі і паспяховыя прадпрыемствы, якія маюць вялікі патэнцыял і моц. Таму такога не павінна быць.


Адносіны з Расіяй

Дамова аб Саюзнай дзяржаве, падпісаная Лукашэнкам, абсалютна не адпавядае ні Канстытуцыі, ні міжнародным нормам. Яна не адпавядае цяперашняму меркаванню беларусаў. Ці пыталіся ў вас, напрыклад, хочаце вы паглыблення інтэграцыі ці не? У мяне — не. Хаця па Канстытуцыі носьбітам суверэнітэту з'яўляецца народ. Таму я лічу, што гэты аналіз увогуле гэтай дамовы, пасля таго як Лукашенка сыдзе, павінен быць праведзены незалежным судом. 


Пра матывацыю

Калі да мяне звярнуліся ў 2016 годзе “Маці-328”, я з недаверам паставілася: “Ой, наркотыкі…” Але калі я прачытала пра прысуды па 10-12 гадоў… Я зразумела: ну слухайце, ну калі я магу дапамагчы, я зраблю ўсе, што ад мяне залежыць. І там за некалькі гадоў мы разам з імі змаглі дасягнуць вынікаў: мінус чатыры гады. Гэта рэальныя дзеянні, рэальныя крокі, што можна зрабіць. У мяне такі лозунг у маёй дзейнасці: “Палітыка тут і цяпер”. Мы можам ніколі не прыйсці да ўлады. Але гэта не азначае, што мы не мусім дзейнічаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.