Вы тут

Юрый Губарэвіч: людзі зараз думаюць толькі пра адно — як скінуць Лукашэнку

Лідар Руху "За Свабоду!" Юрый Губарэвіч на вуліцы Карла Маркса ў Мінску / Еўрарадыё

— Калі б мы здолелі аб’ехаць усе рэгіёны і каранавірус не перашкодзіў — я думаю, што расклад быў бы зусім іншы, — шкадуе пра перарваныя апазіцыйныя праймерыз лідар Руху “За Свабоду!” Юрый Губарэвіч. У праграме Еўрарадыё “Кандыdating” палітык пераймаецца, што, каб не выбраць Лукашэнку, беларусы могуць прагаласаваць “за каго заўгодна”, шкадуе, што замала часу праводзіць з сям’ёй, і скептычна ставіцца да інтэрнэт-рэйтынгаў Віктара Бабарыкі.

Рэйтынгі малююцца, але чэргаў да пікетаў няма

— Ёсць рэйтынгі, якія малююцца. Ну, ці хай яны сапраўдныя, на інтэрнэт-сайтах. Але няма візуалізацыі гэтай народнай падтрымкі. Няма пікетаў, няма чэргаў — тут я кажу пра Бабарыку. Можа, гэта будзе ў перспектыве... 

З іншага боку, ёсць кандыдат пратэсту, які ўвасобіў, напэўна, усіх тых, каго не зарэгістравалі. Ён кажа, што выбары павінны быць адмененыя і што ў дадзенай сітуацыі іх праводзіць — гэта злачынства. Гэта пасланне Ціханоўскага. І гэтая ідэя падтрымліваецца грамадствам. Тое, што людзі выстройваліся ў чэргі, каб паставіць подпіс, — гэта флэшмоб, дэманстрацыя, што нас, незадаволеных Лукашэнкам, у Беларусі тысячы.

Пра галасаванне “за каго заўгодна”

— Людзі зараз думаюць толькі пра адно — як скінуць Лукашэнку. У гэтым, канешне, ёсць моц сённяшняй сітуацыі, але ёсць і пэўная небяспека. Небяспека, якая з’яўляецца заўсёды падчас пераходных перыядаў, калі людзі гатовыя галасаваць за каго заўгодна, абы зрынуць тую ўладу, якая надакучыла. Але трэба думаць пра заўтрашні дзень. 

25 гадоў апазіцыю нішчылі і пляжылі, цяпер прыйшла чарга іншых

— Зараз для традыцыйнай апазіцыі не самыя лепшыя часы, бо з ёй таксама звязанае назапашванне расчаравання. За 25 гадоў гэтыя людзі не змаглі, а тут з’явілася наша сонейка, надзея, і вось ён зможа. Паглядзім, што будзе праз 2-3 месяцы — зможа ці не зможа. Які будзе астаткавы рэйтынг. Мала з’явіцца — трэба нешта зрабіць. 25 гадоў апазіцыю нішчылі і пляжылі. Мы праходзілі праз затрыманні, суткі, арышты, нас звальнялі з працы і г. д. Але асноўнае, што мы назапасілі, — гэта праграмы. Канкрэтныя праграмы і стратэгіі развіцця Беларусі. Гэта тое, што можна браць адразу і выконваць.

Юрый Губарэвіч і Зміцер Лукашук падчас запісу праграмы “Кандыdating” / Еўрарадыё

Наіўна думаць, што выбары пройдуць “без Масквы”

— Без Масквы ніводныя выбары не адбываліся. Яны спрабуюць засунуць свае рукі ў далёкія дэмакратыі кшталту ЗША і ў выбары ў краінах Еўрасаюза. Наіўна думаць, што яны пакінуць у спакоі Беларусь, якая проста пад бокам нашпігаваная і спецслужбамі, і інфармацыйнымі каналамі. Тут інструментаў у іх больш чым дастаткова. 

Краіна не ўзнялася

— У Гродне Ціханоўскага брутальна затрымалі, разам з ім запакавалі прыхільнікаў, пасля па ўсёй Беларусі пачалося. І цішыня. 20 чалавек знаходзіцца ў турме, і цішыня. Грамадства не ўзнялося, няма ніякага выбуху. Улада прадэманстравала, што на дадзеным этапе яна мае ўсе інструменты, каб задушыць пратэсты на самым пачатку. 

Перанос выбараў — з разраду фантастыкі

— У дадзенай сітуацыі адзінае выйсце — гэта патрабаванне пераносу выбараў на перыяд пасля эпідэміі. Гэтае жаданне не менш фантастычнае, чым жаданне некага даказаць уладзе, што ён сабраў 100 тысяч подпісаў і мае права на рэгістрацыю. Але любое патрабаванне можа быць выканана, калі за ім стаіць грамадства. 

Палітыка вымотвае

— З жонкай у нас цудоўныя адносіны. Ёсць паразуменне, хаця часам сорамна, што не даю ёй столькі ўвагі, колькі патрэбна. Бо палітыка вымотвае, часам і эмацыйна. І гэта ўсё пераносіцца, бывае, і ў сям’ю. Трэба раздзяляць гэта ўсё.

Непрадказальны год

— Я спадзяюся, што гэта будзе год перамен. Калі так, дык у другой палове года будзе чым заняцца. Не — гэта ўсё адно год пэўнага ўзрушэння для грамадства. Яно пачынае абуджацца ў параўнанні з палітычным зацішшам у папярэднюю пяцігодку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.