Адвакаты просяць, каб Бабарыку змянілі меру стрымання на хатні арышт

Пікет Віктара Бабарыкі на мінскай Камароўцы, чэрвень 2020 года / Еўрарадыё
Пікет Віктара Бабарыкі на мінскай Камароўцы, чэрвень 2020 года / Еўрарадыё

Адвакаты Віктара Бабарыкі падалі хадайніцтва аб змене меры стрымання прэтэндэнта ў прэзідэнты на мякчэйшую, пра гэта піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку Дзмітрый Лаеўскі. Адвакат спадзяецца, што палітыку дазволяць хатні арышт і дадуць магчымасць мець зносіны са штабам і СМІ, "каб выключыць перашкоды ў рэалізацыі выбарчага права".

Па словах Лаеўскага, "кандыдат у кандыдаты", які з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ, амаль не атрымлівае лістоў, і "пададзены абаронай зварот сітуацыю не азанавала".

Раней суд Цэнтральнага раёна Менска не задаволіў скаргу адвакатаў на затрыманне Віктара Бабарыкі. Яны збіраліся абскардзіць гэтае рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе. Згодна з законам, падчас разгляду такой скаргі суд можа прызнаць затрыманне незаконным і ў тым выпадку, калі было парушанае права на абарону затрыманага.

"Мы, абаронцы, як і сам Віктар Дзмітрыевіч, адзначалі аб грубым парушэнні ягонага права на абарону яшчэ ў дзень затрымання — калі ён знаходзіўся ў будынку ДФР, патрабаваў адвакатаў, а адвакатаў не пускалі ў будынак, нягледзячы на адпраўленыя імі па электроннай пошце дакументы аб паўнамоцтвах і скаргі",расказаў Лаеўскі парталу TUT.by.

Віктара Бабарыку абвінавачваюць у адмыванні грошай, атрыманых злачынным шляхам, ухіленні аб выплаце падаткаў і даванні хабару.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі