Відэаблогер Шэры кот правядзе за кратамі не 45, а 60 сутак

Відэаблогер Шэры кот правядзе за кратамі не 45, а 60 сутак

Відэаблогер Дзмітрый Казлоў, больш вядомы як Шэры кот, арыштаваны ўжо не 45, а на 60 сутак. Пра гэта паведамляе “Радыё Рацыя”.

Па інфармацыі праваабаронцы Паўла Левінава, малады чалавек за кратамі ўжо тройчы асуджаны за “паўторнае парушэнне правядзення альбо арганізацыю масавага мерапрыемства” (ч.3 арт.23.34 КоАП). 

Дзмітрый Казлоў трапіў у аршанскі ІЧУ на 15 сутак 26 снежня 2019. Ён мусіў выйсці адтуль 9 студзеня, але на волі так і не з’явіўся. Якраз у той дзень суд Воршы і Аршанскага раёну пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам — за ўдзел у мінскіх  акцыях супраць “паглыблення інтэграцыі” 21 снежня.

На наступны дзень, 10 студзеня, яго зноўку судзілі, цяпер за ўдзел у мінскіх пратэстах 20 снежня. Пастанова суду — зноў арышт на 15 сутак. 13 студзеня судовы канвеер працягваў працаваць, і Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз — за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Мінску 29 снежня.  Такім чынам, за кратамі Шэры кот мусіць адбыць 60 сутак. 

Па словах Паўла Левіна, у адпаведнасці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб  адміністрацыйных правапарушэннях, чалавека нельга ўтрымліваць за кратамі больш як 25 сутак запар. Праваабаронца кажа, што міліцыя карыстаецца наступнай хітрынай: калі 15 сутак сканчваюцца, чалавека па дакументах вызваляюць (нават могуць выпусціць за браму), але затрымліваюць зноў.  

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі