Вы тут

Віцебскія "дзяўчаты з лампадкамі" атрымалі яшчэ адзін прысуд

Кіраўскі мост у Віцебску / racyja.com

Над "дзяўчатамі з лампадкамі" прайшоў яшчэ адзін суд, перадае Радыё "Рацыя".

7 траўня ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска судзілі трох дзяўчат — Лізавету Кірыенка, Марыю Агіевіч і Марыю Амасовіч. Усе яны сядзяць у ізалятары часовага ўтрымання. Дзяўчат прызналі вінаватымі ў несанкцыянаваным пікеце 27 сакавіка пад мастом імя Кірава ў Віцебску.

Кірыенка і Амасовіч былі асуджаныя за тое, што 26 красавіка паставілі каля царквы лампадкі ў памяць ахвяраў Чарнобыля. Сёння Кірыенка мусіла выйсці на волю, але гэтага не адбылося — прайшоў яшчэ адзін суд.

Суддзя Вольга Шапавал агучыла абвінавачанне: "Кірыенка ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з палатнінай белага і чырвонага колеру. Разам з Агіевіч і Амасовіч, якія трымалі ў руках плакаты, знаходзячыся пад Кіраўскім мастом у горадзе Віцебску, яны пазіравалі, робячы фота для ўсеагульнага агляду ў навінавай стужцы тэлеграм-канала  “Віцебск для жыцця”.

Фатаздымак, які стаў падставай для суда, знайшлі ў тэлефоне Марыі Амасовіч, пакуль яна была за кратамі. 

Марыі Амасовіч прысудзілі 20 сутак арышту (раней яна ўжо была асуджаная на 20), Лізавеце Кірыенка — 15 сутак (раней была асуджаная на 10). Марыя Агіевіч, асуджаная ўпершыню, атрымала 10 сутак арышту. 

Таксама на судзе згадалі, быццам пры ператрусе ў Лізаветы Кірыенка знайшлі доказы таго, што яна мае дачыненне да “пратэснага” надпісу на адным з дамоў у Віцебску. Ёй можа пагражаць крымінальная справа за псаванне гарадской маёмасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.