Вы тут

Вайскоўцы падалі ў суд на райвыканкам за прызыў хлопца, непрыдатнага да службы

Пасля абследавання прызыўніка звольнілі ў запас / pravo.by

У Брэсцкай вобласці адбыўся суд па пазове вайскоўцаў да Пружанскага райвыканкаму. Падставай стаў прызыў на ваенную службу хлопца, якога пазней прызналі непрыдатным, паведамляе "Першы рэгіён". Справу разглядалі ў Эканамічным судзе вобласці.

Суму шкоды вайскоўцы з галоўнага ваеннага клінічнага медцэнтра Узброеных Сіл Беларусі ацанілі ў 3 тысячы 396,24 рублёў. Гэта сума, у якую абышлося стацыянарнае абследаванне прызыўніка ў клініцы. Пасля абследавання хлопца тэрмінова звольнілі ў запас.

Цэнтральная ваенна-ўрачэбная камісія Узброеных Сіл РБ устанавіла, што малады чалавек не падлягаў прызыву на тэрміновую ваенную службу па стане здароўя.

Прызывала маладога чалавека і прызнавала прыдатным да службы Пружанская раённая прызыўная камісія.

Прадстаўнік райвыканкама, які прадстаўляў у судзе інтарэсы адказчыка, з довадамі другога боку пагадзіўся, прапанаваў урэгуляваць спрэчку і пакрыць суму шкоды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.