Вайна тэлеграмаў: "старажылы" апалчыліся на "смеццевыя каналы"

У беларускім сегменце тэлеграма выбухнула сур'ёзная вайна за падпісчыкаў / shutterstock.com
У беларускім сегменце тэлеграма выбухнула сур'ёзная вайна за падпісчыкаў / shutterstock.com

У беларускім сегменце тэлеграма чарговая бітва за падпісчыкаў і інфармацыйную гігіену. Блогер Антон Матолька апублікаваў у сваім тг-канале "МотолькоПомоги" заклік адпісацца ад каналаў, якія не грэбуюць рэпостамі з прапагандысцкіх рэсурсаў. Маўляў, у Расіі камерцыйныя каналы ўжо на ўсю моц пачалі хваліць паліцыю і ачарняць пратэстоўцаў. Навошта чакаць, калі гэтаксама беспрынцыпова павядуць сябе іх беларускія калегі, калі можна прагаласаваць нагамі?

"Па сутнасці, гэта проста інфармацыйныя памыйніцы, якія ўжо былі заўважаныя ў рэпостах дзяржпрапаганды, Васкрасенскага або рэкламе пралукашэнкаўскіх каналаў",навальваецца на канкурэнтаў блогер. Крыху пазней пад'язджаюць скрыншоты — многія сапраўды рабілі рэпост з канала "Круглага стала дэмакратычных сіл".

Матолька звяртае ўвагу і на тое, што некаторыя каналы выстаўленыя на продаж. У лік "памыйніц" трапілі каналы з кідкімі назвамі: "Беларусь онлайн", "Беларусь в шоке!", "Говорит Беларусь", "Беларусь Поймёт", "Инсайдер", "Хитрый Коля".

Ініцыятыву блогера падтрымалі рэпостам буйныя тг-каналы — той, які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім, "Беларусь головного мозга" і іншыя. А адміністратары каналаў са спіса адразу ж заварушыліся. Некаторыя памянялі адрасы, другія пачалі апраўдвацца, трэція загаварылі пра тое, што буйныя гульцы выцясняюць канкурэнтаў. Разбіраемся, што да чаго.

Рэкламуюць тое, за што плацяць

23 студзеня, у дзень расійскіх пратэстаў у падтрымку Аляксея Навальнага, частка каналаў у расійскім сегменце тэлеграма пачала пахвальна адгукацца пра сілавікоў: "Такі быў заказ. Многія каналы камерцыйныя і рэкламуюць тое, за што плацяць".

На думку блогера, камерцыйным беларускім каналам нішто не перашкаджае адпрацоўваць такія самыя заказы і ад беларускіх уладаў. У чорны спіс Матолькі трапілі каналы з аўдыторыяй ад 20 да 163 тысяч чалавек. Большасць з іх з'явіліся на хвалі "каранахайпу": былі створаныя вясной 2020-га і хутка выйшлі ў топы, штампуючы пасты пра каранавірус. Цяпер жа яны пераключыліся на палітычны парадак дня.

"Амаль усе гэтыя рэсурсы ўжо былі заўважаныя за рэкламай сумнеўных каналаў (ім усё роўна, што рэкламаваць, абы плацілі). Мала таго, што ніякай карысці ад іх для беларусаў няма, дык яшчэ і прасоўваюць рэсурсы прапагандыстаў. Пакуль — беларускіх, але што ім замінае крамлёўскія/ватныя каналы дакладна гэтаксама прасоўваць?" — мяркуе Матолька.

Рэакцыя прадстаўнікоў каналаў з "чорнага спіса" не прымусіла сябе доўга чакаць. Адмін тг-канала "Хитрый Коленька" (не блытаць з "Грустным Коленькой") нават размясціў скрыншоты перапіскі са Сцяпанам Пуцілам з тг-канала-які-ў-Беларусі-нельга-называць, дзе папрасіў паясніць за публікацыю. Пуціла не хавае, што проста змясціў пост Матолькі — маўляў, усе пытанні да яго.

Война телеграмов: “старожилы” ополчились на “мусорные каналы”

Аднак нават "Коленьке" ёсць за што прад'явіць

На канале цяпер 50 тысяч падпісчыкаў. Мяркуючы па аватарцы, ён спрабаваў касіць пад гумарыстычны праект "Грустный Коленька" — папулярны твітар-акаўнт, які нібыта вядзецца ад асобы малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі. Назваць "клон" праўладным складана: там проста без разбору перадрукоўваюцца допісы з іншых каналаў — як прапагандысцкіх, так і апазіцыйных. Допісы, у якіх у хвалебным ключы пераказваюцца заявы Юрыя Васкрасенскага, суседнічаюць з допісамі, у якіх высмейваецца чарговы выпуск перадачы Рыгора Азаронка. І нашым, і вашым!

Частка каналаў са "спіса Матолькі" выстаўленыя на продаж і, мабыць, чакаюць больш выгаднай прапановы. Сярод іх — "Беларусь онлайн", "Беларусь в шоке!", "Типичная Беларусь", "Беларусь Поймёт", "Хитрый Коленька" і "Инсайдер". Пра апошні ходзяць чуткі, што нядаўна ён быў прададзены. Пасля выкрывальнага допіса ад канала адпісаліся амаль 6,5 тысячы акаўнтаў з больш чым 90 тысяч.

Война телеграмов: “старожилы” ополчились на “мусорные каналы”

Некаторыя з "чорнага спіса" Матолькі спрабуюць захаваць карыстальнікаў шляхам перайменавання і "закрыцця каналаў" — цяпер іх могуць чытаць толькі падпісчыкі. Напрыклад, той жа "Инсайдер", які аператыўна памяняў адрас. Паводле інфармацыі тг-канала "Беларуский Телеграм", яшчэ да нядаўняга часу там быў арыгінальны аўтарскі кантэнт, аднак іх пастаянны аўтар сышоў:

"Яны нанялі непісьменнага кантэнтніка з агенцтва, які тупа капіюе чужы кантэнт без пазначэння крыніцы. Неўзабаве пасля таго, як з "Инсайдера" сышоў пастаянны аўтар, канал быў выстаўлены на продаж".

Война телеграмов: “старожилы” ополчились на “мусорные каналы”

Адпісалася 13 тысяч чалавек

Канал "Типичная Беларусь" таксама фігуруе сярод выстаўленых на продаж. За час, які прайшоў з публікацыі допіса Матолькі, ад яго адпісалася 13 тысяч акаўнтаў са 186 тысяч. Зрэшты, адміны даказваюць, што блогер дарма зачапіў іх, а тое, што адбываецца, называюць цкаваннем:

"Хлопцам вельмі хочацца поўнай манаполіі ў беларускім тэлеграме, вось яны і вырашылі ўсе непажаданыя для сябе каналы адсеяць. Свабода слова ў дзеянні", — пішуць яны.

Па словах адмінаў ТБ, яны сапраўды рэпосцілі апытанне з канала Юрыя Васкрасенскага, але хутка выдалілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі