Дзесяцікласнікі будуць вучыцца кіраваць дронамі
Дрон, ілюстрацыйнае фота / Белтэлерадыёкампанія
Беларускія дзесяцікласнікі будуць вучыцца кіраваць дронамі ў рамках прадмета "Дапрызыўная падрыхтоўка", піша БЕЛТА.
Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай паведаміў, што для юнакоў у праграме прадугледжаны 10-гадзінны курс па вывучэнні і навыках кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі. А ў дзяўчат істотна пашыраны практычны блок па медыцынскай падрыхтоўцы: яны будуць вывучаць элементы тактычнай медыцыны.
Таксама Кадлубай пазітыўна адгукнуўся пра 10-дзённыя вучэбна-палявыя зборы для дзесяцікласнікаў, якія сёлета прайшлі на базах вайсковых часцей і аздараўленчых устаноў. Чыноўнік заявіў, што ведамства атрымала толькі станоўчыя водгукі як ад юнакоў, так і ад прадстаўнікоў сілавога блоку.