Вадзім Іосуб: Падзенне беларускай эканомікі прагназуюць усе, акрамя ўрада

Вадзім Іосуб: Падзенне беларускай эканомікі прагназуюць усе, акрамя ўрада

Сусветны банк абнавіў прагноз па развіцці беларускай эканомікі. На думку аналітыкаў, 2017 год мы скончым у мінусе — ВУП знізіцца на 0,4%. Прычыны: структурныя недахопы эканамічнай мадэлі і скарачэнне ўнутранага попыту.

Абмяркоўваем гэта са старшым аналітыкам кампаніі "Альпары" Вадзімам Іосубам.

Прагноз Сусветнага банка — самы аптымістычны

Еўрарадыё: Што азначае прагноз Сусветнага банка?
Вадзім Іосуб: Можа быць, не ўсе звярнулі ўвагу, але Сусветны банк палепшыў свой апошні прагноз. Яшчэ нядаўна яны казалі пра зніжэнне ВУП на 0,5%, а летась увогуле чакалі падзення на 1%. Цяпер прагназуюць -0,4%. Таму, насамрэч, гэта, хутчэй, станоўчая навіна, чым адмоўная.

Еўрарадыё: А вось Беларускі ўрад па выніках года чакае рост на 1,7%.
Вадзім Іосуб: А згодна са справаздачамі за першы квартал, ВУП вырас на 0,3%. На маю думку, гэта тлумачыцца "нізкай базай" — год таму эканоміка падала хутчэй, чым сёлета, адсюль і рост. Але ніякай гарантыі, што па выніках года будзе рост, статыстыка першага квартала не дае.

Еўрарадыё: Але ў 2016 годзе мы і ў другім квартале, і ў другім паўгоддзі не вельмі раслі. Таму база і застанецца нізкай.
Вадзім Іосуб: Тым не менш, у міжнародных фінансавых арганізацый наконт глыбілі нашага падзення ў 2017 годзе склаўся кансэнсус. Напрыклад, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця агучыў свой прагноз на мінулым тыдні. Там таксама чакаюць, што эканоміка Беларусі ўпадзе. Калі паглядзець на ўсе прагнозы: МВФ — -0,8%, ЕБРР — -0,5%, Еўразійскі банк развіцця — -0,5%, Сусветны банк — -0,4%, дык прагноз Сусветнага банка — самы аптымістычны.

Падкаст: Вадзім Іосуб пра прагноз Сусветнага банка:

Адна справа — расце эканоміка ці падае, а іншая — за кошт чаго яна расце

Еўрарадыё: Структурныя недахопы беларускай эканомікі цяпер абмяркоўваць не будзем, пра гэта можна разважаць бясконца. А чаму падае ўнутраны попыт?
Вадзім Іосуб: У мінулым дзесяцігоддзі ўнутраны попыт быў галоўным драйверам эканамічнага роста. Але ў той жа час ён быў галоўнай прычынай рэкорднай інфляцыі і перыядычных дэвальвацый. Цяпер грашова-крэдытная палітыка накіраваная на тое, каб штучна не надзімаць заробкі. У той жа час, ідзе скарачэнне інвестыцый.

Еўрарадыё: То бок, праводзячы ўдумлівую грашова-крэдытную палітыку, Нацбанк грае супраць роста эканомікі?
Вадзім Іосуб: Ёсць такое паняцце “якасць росту”. То бок, адна справа — расце эканоміка ці падае, а іншая — за кошт чаго яна расце. За кошт унутранага попыту забяспечваецца няўстойлівы рост эканомікі, калі за высокім ВУП хаваўся непазбежны абвал рубля. Думаю, добра, што мы ад гэтага адышлі. Лепш мець стабільны фінансавы рынак, стабільны курс валюты і інфляцыю, якая зніжаецца.

"Дрэнныя" крэдыты нікуды не падзеліся. Іх проста выключылі з банкаўскай сістэмы

Еўрарадыё: Таксама эксперты Сусветнага банка кажуць, што фінансавая дапамога Расіі будзе мець толькі часовы эфект. Але ж мы дамовіліся па пастаўках нафты ажно да канца дзесяцігоддзя!
Вадзім Іосуб: Выгада ад перапрацоўкі расійскай нафты з кожным годам будзе падаць. Расія працягвае праводзіць падатковы манеўр, які азначае зніжэнне экспартнай пошліны з адначасовым увядзеннем падатку на здабычу карысных выкапняў, які ўключаецца ва ўваходны кошт нафты. То бок, такі рух з двух бакоў: і маржа нафтаперапрацоўшчыкаў скарачаецца, і паступленні ад экспартных пошлін у бюджэт.

Еўрарадыё: Эксперты ЕБРР адзначаюць, што на 1 сакавіка 2017 года ў беларускай банкаўскай сістэме 13,3% крэдытаў — праблемныя. Гэта шмат?
Вадзім Іосуб: Гэта праблема, але пра рэальны памер гэтых крэдытаў меркаваць даволі складана. З аднаго боку, доля "дрэнных" крэдытаў з канца мінулага года нават скарацілася. Але за кошт чаго? Праблемныя крэдыты перадаваліся з баланса банкаў на баланс Банка развіцця, які фармальна банкам не з'яўляецца, і на баланс спецыяльнага агенцтва па кіраванні інвестыцыямі. То бок, "дрэнныя" крэдыты нікуды не падзеліся. Іх проста выключылі з банкаўскай сістэмы. А ёсць і іншыя спосабы "хаваць" праблемныя крэдыты: напрыклад, рэфінансаваць прадпрыемства, якое ўжо не можа вяртаць свае пазыкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі