Уводзіць кантроль на мяжы з Расіяй беларускія памежнікі пакуль не будуць

Уводзіць кантроль на мяжы з Расіяй беларускія памежнікі пакуль не будуць

Часовыя памежныя пасты на мяжы з Беларуссю могуць з’явіцца ўжо ў траўні 2018 года. Пра такую верагоднасць заявіў першы намеснік кіраўніка МУС Расіі Аляксандр Гаравы падчас пасяджэння Савета Федэрацыі РФ.

Магчымасць з’яўлення такіх пастоў Гаравы тлумачыць неспакоем расійскіх уладаў з нагоды “адкрытасці мяжы, ва ўмовах, калі ўлады Беларусі дазволілі грамадзянам 80 краін свету наведваць Беларусь без візы”.

Уводзіць памежны кантроль з беларускага боку ў адказ на дзеянні расійскіх уладаў не плануецца. Так заяву першага намесніка кіраўніка МУС Расіі Аляксандра Гаравога пракаментаваў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Камітэта памежнага кантролю Беларусі Антон Бычкоўскі.

Антон Бычкоўскі: “Не першы раз інфармацыя такога кшталту цыркулюе ў СМІ, аднак мы будзем дзейнічаць, зыходзячы з неабходнасці, якая будзе вызначаная ў будучым. На дадзены момант органы памежнай службы Рэспублікі Беларусь на тым накірунку не прадстаўленыя, канкрэтных пастоў у нас там няма. Мяжа ахоўваецца шляхам забеспячэння памежнай бяспекі межаў Саюзнай дзяржавы. А што тычыцца нібыта нейкіх дзірак на мяжы ці нейкіх іншых праблем, то пакуль фактура кажа сама за сябе ― праблемных пытанняў на тым накірунку няма”.

Па словах Антона Бычкоўскага, ахова мяжы Саюзнай дзяржавы беларускімі памежнікамі ажыццяўляецца такім чынам, што бяспецы Расіі з нашага накірунку нічога не пагражае, нават з улікам дзеяння бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін, кажа прадстаўнік Памежнага камітэту Беларусі.

Нагадаю, пра ўвядзенне памежнай зоны на мяжы з Беларуссю стала вядома 1 лютага 2017 года. Гэта адбылося праз тры тыдні пасля рашэння Мінска пра бязвізавы рэжым з 80 краінамі свету, у тым ліку з ЗША. Кіраўнік Беларусі назваў тое рашэнне расійскага боку “чыста палітычным выпадам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі