"Усё ідзе ў печку" — да палітзняволенай Дар'і Чульцовай не даходзяць лісты

Дар'я Чульцова / Фота з сацсетак
Дар'я Чульцова / Фота з сацсетак

Да палітзняволенай журналісткі Дар'і Чульцовай не даходзяць лісты, расказала яе мама Наталля. Яна на гэтых выходных бачыла дачку. Ім далі спатканне.

"Лісты дачка не атрымлівае зусім. Усё ідзе ў печку", — прыводзіць словы Наталлі "Народная воля".

У цэлым, паводле яе слоў, самаадчуванне ў Дар'і добрае, выглядае яна нядрэнна, "стала зусім дарослай".

Наталля таксама расказала, што ў калоніі Дар'я шмат чытае і чакае вызвалення. Да выхаду на свабоду ёй засталося 4 месяцы. "Мы разумеем, што яны будуць самымі складанымі", — адзначае мама журналісткі.

Нагадаем, карэспандэнтак польскага тэлеканала, які асвятляе падзеі ў Беларусі, Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года. У той дзень яны вялі прамы эфір з акцыі пратэсту на "Плошчы Перамен" у Мінску. Пазней суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў дзяўчат вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак (арт. 342 КК РБ) і асудзіў іх на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Чульцова адбывае пакараньне ў жаночай калоніі №4 у Гомелі. А Андрэеву перавялі ў СІЗА. У пачатку красавіка стала вядома, што яе абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу). Пра гэта ў сацсетках напісаў яе муж Ігар Ільяш. Андрэевай пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Новы суд, са слоў Ільяша, можа адбыцца ўжо ў траўні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі