Вы тут

Усяго два замежнікі папрасілі Літву пра прытулак праз амбасаду ў Мінску

Амбасада Літвы ў Мінску​

За месяц усяго двое замежных грамадзян падалі дакументы з просьбай аб прытулку ў Літве праз літоўскую амбасаду ў Мінску, паведамляе партал BNS.

З 22 верасня Літва дала магчымасць мігрантам, якія праз Беларусь імкнуцца на літоўскую тэрыторыю, прасіць пра статус бежанца праз амбасаду ў Мінску. Аднак вялікага наплыву ахвочых так і не здарылася.

Гэты феномен памежнікі тлумачаць тым, што мігранты ўспрымаюць Літву як транзітную краіну, а жыць хочуць у больш забяспечаных краінах Заходняй Еўропы. Калі просьбіта зарэгіструюць як бежанца ў Літве, то ён больш не зможа прасіць прытулак у Германіі ці іншай дзяржаве ЕС, патлумачылі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Праз вялікую плынь мігрантаў суседнія з Беларуссю краіны ЕС — Літва, Латвія і Польшча — былі вымушаныя ўвесці ў памежных раёнах надзвычайнае становішча. Большасць мігрантаў памежныя службы не прапускаюць на тэрыторыі краіны, разварочваюць назад у Беларусь. Тым не менш спробы парушыць мяжу не спыняюцца.

У ЕС лічаць, што да стварэння крызісу на межах Еўрасаюза датычныя беларускія ўлады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.