Урад прыняў таямнічую пастанову па свіной чуме

29 жніўня Савет міністраў выдаў новую пастанову па афрыканскай чуме свіней. І хоць дакумент набыў моц 2 верасня, простаму беларусу ўбачыць яго дагэтуль нерэальна, расказваюць мне супрацоўнікі Нацыянальнага прававога партала.

Еўрарадыё: Добры дзень. Я хацеў бы праглядзець Пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2013 № 758 "Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёл". Гэта магчыма? Чамусьці не магу яго адкрыць.

Нацыянальны прававы партал: Дадзены дакумент яшчэ знаходзіцца ў апрацоўцы. Можаце ўбачыць толькі яго рэгістрацыйную картку (на ёй указаная поўная назва дакумента, дата прыняцця і набыцця моцы — заўвага Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Так. Я яе бачыў. А калі можна чакаць апублікавання? Наколькі разумею, ён ужо ўступіў у сілу.

Нацыянальны прававы партал: Афіцыйнае апублікаванне, хутчэй за ўсё, будзе ці ў канцы гэтага тыдня, у суботу, ці на пачатку наступнага тыдня. Дакумент на 190 старонак, а для апрацоўкі ён паступіў толькі ўчора…

Не апублікаваны дакумент і на сайце Савета міністраў. Пастанова Саўміна пад нумарам 758 прапушчаная, хоць дакументы з пазнейшымі нумарамі апублікаваныя цалкам. Нічога не расказваюць пра таямнічую пастанову і на “гарачай лініі” Міністэрства сельскай гаспадаркі, куды тэлефаную прадставіўшыся фермерам. Маўляў, пра новы дакумент чулі, але нічога не ведаем. Праз хвіліну даюць прамы нумар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага кантролю. Намеснік дырэктара Міхаіл Арэшка кажа, што новая пастанова ўжо разасланая ўладам розных узроўняў:

“Яна разасланая. А калі апублікуюць, то і людзі будуць чытаць. Пакуль разасланая ў аблвыканкамы і райвыканкамы. Там з Пастановай працуюць”.

Каментаваць новы дакумент і нават расказаць, чаго на гэты раз чакаць беларусам, чыноўнік катэгарычна адмаўляецца. Таму спрабую даведацца падрабязнасці на месцах. У Камітэце сельскай гаспадаркі Гомельскага аблвыканкама пра ўступленне ў сілу новай “свіной” пастановы Урада даведваюцца ад мяне:

“Мы ведаем, што гэты дакумент рыхтаваўся. Але што ён ужо падпісаны… У нас нічога няма такога”.

Прыкладна тое самае чую і ва Упраўленнях сельскай гаспадаркі адразу некалькіх райвыканкамаў. Верагодна, бліжэйшыя дні іх супрацоўнікі правядуць на Нацыянальным прававым партале. Хто ведае, што прынясуць краіне 190 старонак новых правілаў змагання з афрыканскай чумой свіней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі