Вы тут

Унучкі Лукашэнкі таксама забралі дакументы з Ліцэя БДУ

Дар'я і Анастасія Лукашэнкі падчас выступу ў філармоніі ў 2017 годзе / TUT.by

Дакументы з Ліцэя БДУ забралі Анастасія і Дар'я Лукашэнкі, унучкі кіраўніка дзяржавы. Пра гэта піша TUT.by са словаў Анастасіі Лукашэнка.

Анастасія і Дар'я — дочкі Дзмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына кіраўніка Беларусі. Анастасія вучылася на гуманітарным профілі. У мінулым навучальным годзе яна стала віцэ-міс Ліцэя БДУ. Дзяўчына скончыла ў Ліцэі дзясяты клас.

Сёлета ў гэты ж ліцэй паступіла яе малодшая сястра Дар'я. Яна таксама абрала для сябе гуманітарны профіль. 

Анастасія не паведаміла журналістам аб прычынах сыходу з Ліцэя БДУ. Не сказала яна і пра тое, дзе далей будзе вучыцца яна і сястра. Па словах вучняў, сёстры Лукашэнкі хадзілі на заняткі прыкладна тыдзень пасля пачатку навучальнага года, а потым забралі дакументы.

Раней стала вядома, што з Ліцэя БДУ забраў дакументы малодшы сын беларускага кіраўніка Мікалай Лукашэнка. Ён паступіў сёлета на біялагічны профіль. Аднак на занятках падлетак так і не з'явіўся. Дзе ён вучыцца, афіцыйна не паведамлялася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.