Вы тут

Уладальнік "БелГазеты": адбыўся рэйдарскі захоп рэдакцыі

Фрагмент вокладкі аднаго з выпускаў "Белгазеты" / belgazeta.by

Былы дырэктар і асноўны ўладальнік "БелГазеты" Кірыл Жываловіч заявіў аб рэйдарскiм захопе медыя. Па яго словах, інфармацыя аб прызначэнні праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі дырэктарам газеты не адпавядае рэчаіснасці.

"Гэта рэйдарскі захоп рэдакцыі, адным з выканаўцаў якога з'яўляецца Бандарэнка. Цяпер працуюць юрысты. Усе падрабязнасці будуць у сераду", — напісаў Жываловіч у Facebook.

У размове з Еўрарадыё бiзнесовец не раскрыў падрабязнасцяў, але пацвердзіў свае словы: "Дырэктарства Бандарэнкі ажыццяўляецца без майго ведама, і яно незаконна".

Мы таксама звязаліся з Андрэем Бандарэнкам, ён каментуе сітуацыю так:

"Я не магу пакуль даваць шырокія каментары, але ніхто нікога не захопліваў. Будучы дырэктарам, ён [Кірыл Жываловіч] год не з'яўляўся на працы, і ў снежні стала пытанне, што газета больш не выходзіць. Змена дырэктара была праведзена выключна ў рамках закону і прававымі метадамі. Ну і захопліваць прадпрыемства з вялізнымі стратамі — як мінімум бессэнсоўна".

Падрабязнасці свайго прызначэння і план па далейшай працы ў "БелГазеце" праваабаронца паабяцаў раскрыць у эфіры Еўрарадыё 22 студзеня.

Кірыл Жываловіч выкупіў асноўную долю ў ТАА "БелГазета" у бізнэсоўцы Сяргея Ісаева ў 2017 годзе — такім чынам, ён стаў асноўным уладальнікам і дырэктарам газеты адначасова.