Вы тут

Украінскаму праваабаронцу забаранілі ўезд у Беларусь

Інцыдэнт здарыўся 22 снежня на памежным пераходзе “Рудня” беларуска-ўкраінскай мяжы. Па словах Фяскова, мэтай візіту ён назваў наведванне сваякоў у Ельску на адзін дзень. Але гэта не дапамагло.

Уладзімір Фяскоў: "Памежнік правярае мой пашпарт, я сачу за працэдурай. І раптам з’яўляецца начальнік, падыходзіць да мяне і пытаецца: хто я, чаго еду? Я зразумеў, што гэта рэакцыя на тое, што супрацоўнік пабачыў: перад ім неўязны чалавек і паведаміў пра гэта свайму начальніку. Гэта стала для мяне сігналам, што ёсць праблемы. Ён мяне распытвае, а з кішэні ў яго тырчыць фотаапарат — ён здымае ўсё, што я яму адказваю. У выніку мне сказалі: “У вас ёсць пэўныя праблемы, зараз мы будзем удакладняць”.

Праз 30 хвілін ўкраінскаму праваабаронцу паведамілі, што ўезд у Беларусь яму забаронены, паставілі адпаведны штамп у пашпарт і накіравалі ў бок Украіны.

Фяскоў прызнаецца, што вялікай нечаканасцю гэта для яго не стала. Першы раз яму забаранілі ўезд у Беларусь пасля выбараў 2010 года. Тады Фяскоў быў у складзе міжнароднай місіі назіральнікаў “Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі”. Не пусцілі яго ў Беларусь і ў 2014 годзе, калі мужчына ехаў на пахаванне сваёй бабулі ў Ельск. Цяпер сітуацыя паўтарылася, нягледзячы на спадзяванні Фяскова, што тэрмін даўнасці на забарону наведвання Беларусі прайшоў.

Па словах праваабаронца, ён не ведае ні дакладнай прычыны, чаму яму забаранілі ўезд, ні тэрміну гэтай забароны. Кажа, спрабаваў даведацца і звяртаўся з лістом у МУС Беларусі, але адказу так і не атрымаў.

Фота: з архіву Уладзіміра Фяскова