Украіна перадасць у Беларусь затрыманага ў Чарнігаве бізнэсоўца Кушнера

Украіна перадасць у Беларусь затрыманага ў Чарнігаве бізнэсоўца Кушнера

Новазаводскі раённы суд Чарнігава прызначыў экстрадыцыйны арышт беларусу Вячаславу Кушнеру, затрыманаму ў лістападзе 2017 года. Кушнера плануецца перадаць у Беларусь, паведамляе Радыё "Свабода".

Да экстрадыцыі яго будуць трымаць у следчым ізалятары, але не больш як да 27 снежня 2018 года. Пра выдачу Кушнера Генпракуратура Украіны вырашыла пасля адпаведнага звароту беларускага боку, атрыманага ў снежні 2017 года.

На судовым пасяджэнні Кушнер назваў абвінавачанні беларускага боку "сфабрыкаванымі". Па яго словах, гэта ціск на яго і беларускага бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній "Сармат-СТІ" Аляксандра Кныровіча. Як паведамлялася раней, Кныровіч быў затрыманы летась у студзені. Яго вінавацяць у нявыплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры.

Ужо пасля затрымання Вячаслаў Кушнер звярнуўся ў міграцыйныя органы Украіны з просьбай надаць яму статус уцекача.

У Беларусі яго вінавацяць у сістэматычнай перадачы хабару, у тым ліку ў вялікіх памерах, дырэктару ТАА "АНШАНС ПЛЮС". Факты перадачы хабару зафіксаваныя 6 чэрвеня і 24 снежня 2014 года, а таксама 21 траўня 2015 года. У верасні 2017 года беларуская пракуратура выдала ордэр на затрыманне Кушнера.

Вячаслаў Кушнер з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, але з канца 2016 года легальна знаходзіцца ва Украіне. У кастрычніку 2017-га ён атрымаў пасведчанне на сталае пражыванне ва Украіне. Да затрымання ў Чарнігаве працаваў намеснікам дырэктара пра продажах і маркетынгу ўкраінскага таварыства з абмежаванай адказнасцю "ІНКО-ФУД БЕРДИЧІВ".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі