УЕФА абмяркуе адхіленне зборнай Беларусі ад адбору Еўра-2024, піша sportschau.de. Нядаўна з такім заклікам да прэзідэнта арганізацыі Аляксандра Чэферына звярнуліся 104 дэпутаты Еўрапарламента. Яны матывуюць свой заклік рэпрэсіямі ў Беларусі і саўдзелам уладаў у расійскай вайне супраць Украіны.
"Як усе гэтыя факты можна суаднесці з каштоўнасцямі УЕФА і матчамі УЕФА, якія павінны быць сімвалам міру і супрацоўніцтва, якія ўвасоблены ў футбольнай сямʼі? — пісалі дэпутаты. — Сам факт удзелу зборнай Беларусі ў чэмпіянаце УЕФА пазней будзе выкарыстаны Лукашэнкам і яго прапагандысцкай камандай, каб даказаць, што яго добра прымаюць у міжнароднай супольнасці".
Як паведамляе выданне, Чэферын адрэагаваў на ліст еўрадэпутатаў і абвясціў аб пачатку дыскусіі з нагоды адносін з Беларуссю. Бліжэйшае пасяджэнне выканкама УЕФА прызначана на 4 красавіка.
Санкцыі могуць закрануць не толькі адбор Еўра-2024, але і ўсе турніры, у тым ліку і клубныя.