Удар па кантрабандзе з Беларусі: навошта суседзі з ЕС закрываюць памежныя пункты

Тым, хто вазіў з Беларусі ў ЕС кантрабанду, стане значна цяжэй / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Тым, хто вазіў з Беларусі ў ЕС кантрабанду, стане значна цяжэй / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Закрыццё Польшчай і Літвой пунктаў пропуска на мяжы з Беларуссю б’е па кантрабандзе і не дае зарабляць набліжаным да Лукашэнкі. Напярэдадні быў закрыты пункт пропуску “Баброўнікі” з польскага боку і “Беняконі” — з літоўскага. Польшча разглядала магчымасць увогуле закрыць мяжу з Беларуссю. І тычыцца гэта перш за ўсё таварных патокаў. Эксперты кажуць, што наўрад ці мяжа з Еўрасаюзам можа быць закрытая зусім, але кантрабандыстам стала сумна ўжо цяпер.

Еўрарадыё даведалася, чаму так.
 

“Тавараабарот Кітай — Еўропа — Кітай выпадае”

Удар па кантрабандзе з Беларусі: навошта суседзі з ЕС закрываюць памежныя пункты
“Баброўнікі” / sputnik.by

Адміністратар тэлеграм-канала “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” Сяргей Вайцяховіч лічыць, што на закрыццё ўсёй мяжы Польшча ці Еўрасаюз не пойдзе.

Не толькі Польшча будзе вырашаць, бо з гэтага стыку [адзінага адкрытага чыгуначнага пункта пропуску з Польшчай “Брэст — Тэрэспаль”. — Еўрарадыё] корміцца ўся Еўропа. Аб’ёмы там вялікія. Уявіце, тавараабарот Кітай — Еўропа — Кітай выпадае абсалютна. І ў Еўропы дэфіцыт тавараў, і ў Кітая таксама праблема са складанымі камплектуючымі, каб рабіць нешта. 

Удар па кантрабандзе з Беларусі: навошта суседзі з ЕС закрываюць памежныя пункты
Партыя кантрабандных цыгарэт, якую схавалі ў мяхах з грануламі сланечніка, каб правезці ў Літву / vsat.lrv.lt

Навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазаль таксама лічыць варыянт поўнага закрыцця межаў малаверагодным. Але суседзі праводзяць вельмі рацыянальную палітыку па перакрыцці кантрабандных патокаў з Беларусі.

На маю думку, закрыццё мяжы — гэта перш за ўсё адказ на прысуд Анджэю Пачобуту. Адначасова польскія спецслужбы нанеслі ўдары па лагістыцы дастаўкі нелегальных цыгарэт з Беларусі. Гэта вельмі істотны ўдар па ценевых даходах рэжыму Лукашэнкі, — кажа эксперт. — Літва зачыніла менавіта той пераход, праз які мог пайсці дадатковы паток цыгарэт, раней скіраваны на польскі напрамак. Адначасова, Літва прыціснула паток нелегальных цыгарэт, які ранней ішоў праз яе тэрыторыю. Шмат цыгарэт вывозілася па так званым “бязвізе”, які ўвёў рэжым Лукашэнкі. Таму скарачэнне колькасці пунктаў пропуску будзе адначасова змяншаць вываз цыгарэт з Беларусі грамадзянамі Польшчы і Літвы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі