Uber кансультуецца з Нацбанкам наконт мадэлі працы сервісу ў Беларусі

Uber кансультуецца з Нацбанкам наконт мадэлі працы сервісу ў Беларусі

Uber кансультуецца з Нацбанкам наконт мадэлі працы сервісу ў Беларусі. І калі будуць выяўленыя спрэчныя моманты, іх вырашаць "у працоўным парадку", інфармуе партал tut.by, які спасылаецца на паведамленне кампаніі.

Раней стала вядома пра ліст Нацыянальнага банка ў Асацыяцыю беларускіх банкаў. У ім адзначалася незаконнасць схемы разлікаў Uber з транспартнымі кампаніямі. Uber ML B.V. з Нідэрландаў на дамоўнай аснове аказвае паслугі беларускім перавозчыкам (і індывідуальным прадпрымальнікам, і юрыдычным асобам) па замовах таксі з выкарыстаннем мабільных прыкладанняў. Пасажыры разлічваюцца за праезд безнаяўнымі беларускімі рублямі. Грошы атрымлівае нідэрландская кампанія, яна вылічвае сваё узнагароджанне, а рэшту пералічвае ў доларах на рахунак беларускага перавозчыка (да жніўня — у беларускіх рублях). Нацбанк у гэтым і ўбачыў парушэнне, паколькі выкарыстанне замежнай валюты пры правядзенні разлікаў паміж рэзідэнтамі і фізасобамі за аказаныя ў Беларусі транспартныя паслугі не дапушчальнае.

Мінская юрыдычная кампания Verdict выказала меркаванне, што "занепакоенасць з нагоды наяўнасці праблем у Uber або яго партнёраў у Беларусі пакуль заўчасная". Штраф пагражае толькі ІП ці кампаніі за незаконнае прыняццё валюты ў якасці плацёжнага сродку.

Uber нагадвае, што некалькі гадоў таму ўжо была кансультацыя з Нацбанкам і тады неадпаведнасцяў беларускаму заканадаўству не знайшлі. 13 снежня кампанія прадаставіла ў Нацбанк неабходныя дакументы. Кампанія адзначае, што дзейнае заканадаўства ў нашай краіне не дазваляе ёй адкрыць юрыдычную асобу. "Бізнес-мадэль платных пасярэдніцкіх інфармацыйных паслуг разглядаецца як банкаўская дзейнасць і патрабуе наяўнасці банкаўскай ліцэнзіі", — паведамляе Uber. У Нацбанку, нібыта, гэтую праблему разумеюць і ўжо падрыхтаваны ды праходзіць узгадненне праект закона "Аб плацёжных паслугах у Рэспубліцы Беларусь". Ён дазволіць любому міжнароднаму сервісу мець свой аперацыйны цэнтр у Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі