У Вільні абураны, што літоўскія школы ў Беларусі пераводзяць на іншыя мовы

У Вільні абураны, што літоўскія школы ў Беларусі пераводзяць на іншыя мовы

У Вільні абураны, што літоўскім школам у Беларусі загадалі выбраць беларускую ці рускую мовы навучання. З верасня 2022-га выкладаць на літоўскай больш не будуць. Як піша Delfi, літоўскія афіцыйныя асобы такое рашэнне Мінска назвалі "непрымальным", бо яно "парушае двухбаковыя дамоўленасці і абмяжоўвае права беларускіх літоўцаў на навучанне на роднай мове". Яны спадзяюцца, што літоўскім школам удасца атрымаць дазвол на "пераходны перыяд". Пакуль жа беларускі бок паведаміў, што літоўская мова ў згаданых навучальных установах застанецца толькі прадметам.

У Беларусі дзейнічаюць дзве літоўскія школы: Рымдзюнская (82 вучні і 18 настаўнікаў, 14 з якіх — грамадзяне Літвы) і Пеляская (127 вучняў і 23 настаўнікі, 11 з якіх — літоўскія грамадзяне). Першая была пабудавана ў 1996 годзе на літоўскія сродкі, але ўтрымліваецца за кошт беларускага бюджэту. Другую фінансуе Літва. У цяперашняй сітуацыі літоўскае Міністэрства адукацыі, навукі і спорту не выключае спыненне фінансавання. Пры гэтым робяцца высілкі, каб захаваць літоўскую мову навучання (але Мінск адмяняць рашэнне не збіраецца).

"Зачыняючы школы, мы абмежавалі б любую магчымасць для суайчыннікаў развіваць сваю родную мову, таму мы абмяркоўваем і шукаем магчымасці захаваць магчымасць навучацца на літоўскай мове", — кажа прадстаўнік МЗС Літвы.

Нядаўна стала вядома, што польскамоўныя школы Гродна і Ваўкавыска з наступнага навучальнага года таксама пераводзяць на рускую ці беларускую мову, а выкладанне на польскай мове адмяняецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі