У Віцебску паставяць помнік Аляксандру Неўскаму

Гарадскія ўлады Віцебска маюць намер усталяваць помнік рускаму князю Аляксандру Неўскаму. Гэты гістарычны дзеяч мае да горада вельмі ўскоснае дачыненне, таму ў пытанні ўсталявання манументу ніколі не было адзінадушша. Ад самага пачатку, калі ў 2009 годзе быў абвешчаны конкурс на лепшы праект гэтага помніка, многія гараджане пачалі выказвацца супраць гэтай ідэі, высунутай гарадскімі ўладамі.

Тым не менш, конкурс быў праведзены, пераможцы вызначаны. Каля царквы Дабравешчання на плошчы Тысячагоддзя Віцебска быў збудаваны пастамент пад помнік. Некалькі гадоў яго выкарыстоўвалі ў якасці клумбы, і ў часткі гараджанаў склалася ўражанне, што пра помнік улады забыліся, піша сайт spring96.org

Але аказалася, што гарвыканкам не адмовіўся ад сваёй ідэі. Цяпер канцэпцыя помніка сфармуляваная:

"Гэта будзе скульптурная кампазіцыя, якая адлюстроўвае рэальны гістарычны факт — сустрэчу князя са сваёй жонкай, прадстаўніцай полацкага і віцебскага княжага дому Аляксандрай (па іншых крыніцах Параскевай) і сынам Васілём. Таму называць гэты мемарыяльны аб’ект помнікам выключна Аляксандру Неўскаму і вызначаць яго як “негістарычны” нельга. Ён сведчыць пра рэальную падзею з гісторыі гораду", — напісана на сайце гарвыканкаму ў якасці агульнага адказу ўладаў на шматлікія звароты гараджан.

Паданне пра тое, што Аляксандр Неўскі нібыта браў шлюб у Дабравешчанскай царкве, чыноўнікі таксама вырашылі скарыстаць дзеля пераканання віцяблян у "гістарычнасці" будучага помніка: міф "другой паловы ХХ ст. пра вянчанне Аляксандра Неўскага ў Віцебску не мае пад сабою гістарычных падстаў, але ён прыжыўся і быў успрыняты грамадскасцю дзякуючы папулярнасці князя сярод жыхароў горада".

Аляксандр Неўскі. Рэпрадукцыя карціны Веніяміна Сібірскага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі