Вы тут

У Віцебску галадоўку абвясціла ўдзельніца руху "Маці 328"

Наталля Шарыпа. Фота: svaboda.org

Віцяблянка Наталля Шарыпа далучылася да 14 жанчын, якія восьмы дзень галадаюць у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне. Рух "Маці 328" патрабуе змякчыць пакаранні па "наркатычным" артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу. Таксама яго ўдзельніцы патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Першапачаткова меркавалася, што да галадоўкі далучацца дзве жыхаркі Віцебска — актывісткі руху "Маці 328". Але адну з іх тэрмінова паслалі ў камандзіроўку за межы гораду, перадае Радыё "Свабода".

"У мяне галадоўка "без адрыву ад вытворчасці": я галадаю на знак падтрымкі іншых "Маці 328", але вяду звычайны лад жыцця. Хаджу на працу, займаюся сынам (малодшаму з трох сыноў Наталлі Шарыпы 7 гадоў. — Радыё "Свабода"). Заяву ў гарвыканкам пра пачатак галадоўкі я накірую па пошце", — заявіла жанчына.

Сярэдні сын Шарыпы, якому 22 гады, асуджаны па 1-й і 4-й частках артыкула 328 Крымінальнага Кодэксу на 14 гадоў зняволення. Сям’я лічыць, што пераважная частка абвінавачанняў супраць яго — беспадстаўныя і сфальшаваныя.

Актывісткі руху "Маці 328" пачалі галадоўку 27 красавіка. На сёння ў розных гарадах Беларусі галадаюць не менш за 14 чалавек. 2 траўня сем галадоўніц з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта. Пасьля гэтай сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.