Вы тут

У Таліне і Мінску сыгралі дзіўны канцэрт. Музыкі былі ў 800 км адзін ад аднаго

Фота: uiip.bas-net.by

5 кастрычніка 2017 года ў Таліне ў межах сустрэчы прадстаўнікоў краін Усходняга партнёрства па лічбавай эканоміцы прайшоў незвычайны канцэрт. У выкананні беларускіх, эстонскіх, армянскіх і грузінскіх музыкаў гучалі творы Моцарта, Даніцэці і джазавы стандарт "My Funny Valentine". Самае цікавае, што музыкі знаходзіліся на адлегласці 800 км адзін ад аднаго: частка ў Таліне, частка — у Мінску. Пры гэтым гралі сінхронна, ствараючы эфект прысутнасці тут і цяпер.

Канцэрт стаў магчымы дзякуючы тэхналогіі LoLa, якая дазваляе перадаваць высакаякасны гук і відэа адначасова на вялікай адлегласці. Беларусь — першая з краін Усходняга партнёрства атрымала магчымасць карыстання LoLa.

Відэа канцэрта "Музыка без межаў", у якім удзельнічалі беларускія музыкі і іх калегі з розных краін, знаходзячыся на адлегласці адзін ад аднаго

Пра тое, хто прыдумаў LoLa, як яна трапіла ў Беларусь, якія яе перспектывы, ці магчыма прымяняць тэхналогію ў іншых сферах жыцця, распавядаюць Еўрарадыё каардынатар сістэмы LoLa ў Мінску Яўген Яфімаў, тэхнік аддзела камунікацый акадэмсеткі Юрый Баль і скрыпач Алег Яцына.

 

LoLa — ад англійскага low latency — нізкая затрымка

 

Яўген Яфімаў: Ідэя праекта прыйшла ў галаву італьянскаму музыканту і сецевіку Клаўдыё Алокхіа (Claudio Allocchio) ў пачатку 2000-х. Распрацоўкай тэхналогіі ў 2012 годзе заняліся Музычная кансерваторыя Джузэпэ Тарціні ў Трыесце і італьянская даследчая акадэмічная сетка GARR.

Загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, каардынатар сістэмы LoLa ў Мінску Яўген Яфімаў і тэхнік аддзела камунікацый акадэмсеткі Юрый Баль. Фота Еўрарадыё

LoLa злучае дзве кропкі, размешчаныя далёка адна ад адной, з затрымкай у 40-50 мілісекунд

 

Яўген Яфімаў: Сеткавая апаратура LoLa дае магчымасць злучэння дзвюх кропак, размешчаных на прыстойнай адлегласці адна ад адной, з затрымкай у 40-50 мілісекунд. Хор, які стаіць за аркестрам, рэагуе на дырыжора з затрымкай у 50-60 мілісекунд. Затрымка ў 40-60 мілісекунд для музыканта практычна незаўважная.

Юрый Баль: Каб LoLa працавала, неабходна добрая хуткасная сетка і кампутар са спецыялізаваным праграмным забеспячэннем. Да яго падключаецца пульт — ён камутуе гук, ад відэакамеры выводзіцца падключэнне на манітор, каб музыкі бачылі сваіх калег. Ззаду таксама усталёўваецца экран — для гледачоў.

Аператары ў абедзвюх кропках займаюцца вывадам гуку і выявы на экран. Ідзе двухбаковы абмен дадзенымі ў рэжыме рэальнага часу. Прамежкавага звяна няма. Гэта прамы кантакт: кропка — кропка.

Яўген Яфімаў: У Амерыцы тэхналогія шырока выкарыстоўваецца ў музычных школах: з яе дапамогай праходзяць рэпетыцыі, воркшопы, урокі, канцэрты. У Еўропе сістэма LoLa даступная ў 20 кропках, за яе ўкараненне адказвае аб'яднанне навукова-адукацыйных сетак Еўропы GÉANT. Мінулым летам да яе далучылася Беларусь — першая з краін Усходняга партнёрства.

Тэхналогія LoLa ва ўсю прыцягвае аркестры

На абсталяванне LoLa ў Беларусі ЕС выдзеліў 40 тысяч еўра

 

Яўген Яфімаў: Тэхналогія LoLa з'явілася ў Беларусі ў 2017 годзе ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС "Усталяванне сувязі ва Усходнім партнёрстве" (EAPCONNECT), якая фінансуецца Еўрасаюзам. Беларуская навукова-адукацыйная сетка (NRENS) уключана ў агульнаеўрапейскую сетку. З дапамогай тэхнічных сродкаў, якія забяспечвае еўрапейскі сеткавы апарат, беларускія буйныя універсітэты і навуковыя цэнтры зараз маюць хуткі доступ да еўрапейскіх бібліятэк, сайтаў, навуковай інфармацыі.

Год таму ЕС выдзеліў нам апаратуру для забеспячэння працы сістэмы LoLa. Кошт двух камплектаў — 40 тысяч еўра. Фінансуе праект асацыяцыя GÉANT, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Кембрыджы.

Мы ўдзельнічаем у семінарах па выкарыстанні сістэмы LoLa. У гэтым годзе хочам правесці семінар-навучанне ў нас — для супрацоўнікаў нашых творчых ВНУ і калег па Усходнім партнёрстве.

Праз 10 хвілін прывыкаеш да таго, што калег бачыш на экране і чуеш з дынамікаў

 

Яўген Яфімаў: У жніўні мы пачалі эксперымент па забеспячэнні дыстанцыйнай творчай сувязі з выкарыстаннем LoLa. Прыцягнулі вядомых беларускіх музыкаў — Алега Яцыну, Кацярыну Шапачка і Ірыну Кучынскую, рэктара тбіліскай Акадэміі музыкі Рэза Кікнадзэ і іх грузінскіх, эстонскіх і армянскіх калег. Для першага разу музыкі правялі сумесныя жывыя рэпетыцыі — ездзілі ў Эстонію.

Гэта некамерцыйны праект. Удзельнікі выступаюць у ім цалкам бясплатна, яны эксперыментуюць і шукаюць новыя формы. 5 кастрычніка гледачамі канцэрту сталі 45 чалавек. Усім вельмі спадабалася.

Алег Яцына: Канцэрт — мой першы досвед музіцыравання праз анлайн-тэхналогіі. Спачатку, натуральна, гэта не вельмі зручна, таму што музыкі прывыклі да іншага працэсу — калі ўсе разам у адным памяшканні, калі бачым вочы адно аднаго і адчуваем дыханне. Але праз 10 хвілін канцэрта прывыкаеш да таго, што сваіх калег ты бачыш на экране і чуеш з дынамікаў. Да гэтага ты прыстасоўваешся, і пачынаецца музіцыраванне. Спачатку затрымка даволі адчувальная. Але мозг — вельмі гнуткі інструмент, які добра наладжваецца: ён стаў ўлічваць затрымку, і гэта перастала быць праблемай.

 

Дуэт беларускай дуды і шатландскай валынкі

 

Яўген Яфімаў: З дапамогай LoLa мы плануем зрабіць некалькі праектаў. Напрыклад, падтрымаць рэдкія нацыянальныя інструменты праз сеанс ігры нашай дуды і шатландскай валынкі. У працэсе канцэрту музыкі могуць і сыграць дуэтам, і абмеркаваць асаблівасці інструментаў, і завесці кантакты на будучыню.

Хочам адаптаваць праграму пад правядзенне майстар-класаў на адлегласці. Напрыклад, нашаму знакамітаму віяланчэлісту і дырыжору Яўгену Перліну ідэя вельмі падабаецца. Яму 77 гадоў, ездзіць выкладаць за мяжу цяжка, а такім чынам можна быць уключаным у працэс.

Наша мара — арганізацыя платных двухгадзінных digital-канцэртаў у digital-холе. Мяркуем, людзі прыйдуць на канцэрт, калі з таго боку будзе граць Лонданскі філарманічны аркестр. Можна не плаціць 200 долараў за квіток, а паслухаць яго тут з выдатным гукам і добрай выявай.

Асноўная ідэя тэхналогіі — сацыяльна-культурна-палітычная. Нам трэба інтэгравацца ў еўрапейскую культуру. Наша бяда ў многіх выпадках заключаецца ў местачковасці: ёсць сваё — ну і добра, а іншага быццам не існуе. Гэта адчуваецца ў размовах з культуролагамі і адміністрацыямі творчых ВНУ. Еўропа гатовая нам дапамагчы. Гэтым трэба карыстацца.

Прыклад цяперашняй шматфункцыянальнасці сістэмы LoLa

LoLa — толькі для музыкі?

 

Юрый Баль: Для любых кантактаў. Сістэма выкарыстоўваецца ў драматычным тэатры, сучасным балеце, выяўленчым мастацтве. Яе можна ўжыць і ў аператыўнай медыцыне.